Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Папраўкі ў закон „Аб СМІ“ немагчыма абмеркаваць, бо яны ўжо прынятыя», — дэпутат Давыдзька адказаў БАЖ


Адказ на зварот БАЖ падпісаў Генадзь Давыдзька. Архіўнае фота

Пра тое, што зьмены ў закон «Аб СМІ» дэпутаты плянуюць прыняць на вясновай сэсіі, стала вядома на пачатку красавіка.

6 красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў Палату прадстаўнікоў з просьбай арганізаваць абмеркаваньне гэтых зьменаў. БАЖ прапанавала выслухаць думкі прадстаўнікоў СМІ, журналісцкіх арганізацый і мэдыяэкспэртаў.

16 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены ва ўсіх чытаньнях.

А 20 красавіка старшыня камісіі ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька даслаў адказ на зварот БАЖ. У ім ён напісаў, што абмеркаваньне «не ўяўляецца магчымым», бо папраўкі ўжо прынялі.

Адказ на зварот БАЖ
Адказ на зварот БАЖ

Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць, пазбаўляць, прыцягваць да адказнасьці

Палата прадстаўнікоў 16 красавіка ўхваліла ў 2-м чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як вынікае з дакумэнту, будуць пашыраныя абавязкі юрыдычных асобаў, якія зьяўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізычным і юрыдычным асобам выступаць у якасьці заснавальніка СМІ пасьля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выданьня такое абмежаваньне складзе 3 гады.

Сярод падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі называюцца наступныя:

  • назва СМІ супадае або падобная да назвы выданьня, у дачыненьні да якога прынята рашэньне аб спыненьні выпуску;
  • назва сеткавага выданьня не супадае з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу;
  • галоўны рэдактар ня мае права паводле закону займаць такую пасаду.

Таксама ў праекце дакумэнту пашыраны сьпіс падставаў для спыненьня выпуску СМІ:

  • вынясеньне цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці паведамленьняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх можа прывесьці да ўзьнікненьня пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

Зьявіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, на рашэньне Міністэрства інфармацыі гэта дазволена ў наступных выпадках:

  • публікацыя інфармацыі, забароненай да распаўсюду;
  • вынясеньне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам году двух і больш патрабаваньняў, а ўладальніку сеткавага выданьня — пісьмовых папярэджаньняў;
  • невыкананьне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабаваньняў органа дзяржкіраваньня аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб СМІ або неперадача ў гэты орган пацьвярджальных дакумэнтаў;
  • рашэньне міжведамаснай камісіі пра наяўнасьць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, пашырэньне якіх пагражае нацыянальнай бясьпецы.

Прыняцьце закону «будзе спрыяць найбольш эфэктыўнаму забесьпячэньню інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманьне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі», — сказала намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, перадае БелТА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG