Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусьцілі плятформу дапамогі беспрытульным жывёлам SaveUs


Кармленьне катоў на вуліцы
Кармленьне катоў на вуліцы

Да дзейнасьці плятформы могуць прычыніцца валянтэры і ўладальнікі бізнэсу. Стваральнікі атрымалі фінансавую падтрымку Эўразьвязу.

Актывісты SaveUs працавалі над плятформай ня менш за два гады і паралельна рабілі іншыя праекты. Летась яны знайшлі новыя дамы 167 катам і сабакам. Дзякуючы ім многія беларусы паўдзельнічалі ў абмеркаваньні новых правілаў паляваньня і змагаліся супраць забойства зуброў, піша «Зялёны партал».

Неўзабаве падобная плятформа можа адкрыцца і ў суседняй Украіне.

Аўтары плятформы раней удасканальвалі праект пастановы Савета Міністраў «Аб пытаньнях абыходжаньня з жывёламі» і праект закону «Аб валянтэрскай дзейнасьці».

Кіраўнік плятформы, якая ў інтэрнэце месьціцца на сайце saveus.by, — Валерыя Кандрашова. Паводле яе задумы, людзі, якія хочуць дапамагчы жывёлам, ня будуць хвалявацца, што грошы пойдуць не па прызначэньні, а валянтэры зэканомяць час на распаўсюджваньне інфармацыі ў сацсетках.

Аўтары плянуюць манэтызаваць сайт SaveUs за кошт рэклямы, каталёгу паслуг і зоатавараў.

Карыстальнік можа дапамагчы жывёле ці нейкаму праекту грашыма і падпісацца на іх, каб сачыць за іх лёсам і бачыць, што грошы сапраўды дайшлі да гадаванца. Нават калі кот ці сабака знойдуць новы дом, доступ да іх профілю перададуць новаму гаспадару. І той зможа публікаваць нейкія навіны з жыцьця гадаванца.

Сярод праектаў — сеткамёт для лоўлі дзікіх сабак, будаўніцтва вальераў у Лельчыцах, аўтамабіль вэтэрынарнай дапамогі і яшчэ пару дзясяткаў ініцыятыў, якія будуць абнаўляцца на сайце пасьля выкананьня праекту ці ўзьнікненьня новай ідэі.

Калі сума на гадаванца назьбіралася, падапечнага, напрыклад, запісваюць на прыём да вэтэрынара і адразу аплачваюць візыт. Чэк прыкладаецца да фінансавай справаздачы. Такім чынам актывісты хочуць выключыць любую магчымасьць махлярства.

Зьявіліся і першыя акцыі: за ахвяраваньне на плятформе карыстальнікі атрымліваюць прамакод са зьніжкай ад онлайн-гіпэрмаркету 21vek: 5% на зоатавары і 3% — на ўсё астатняе.

Пакуль на плятформе зарэгістравана 392 жывёлы, якія чакаюць падтрымкі або сваіх гаспадароў. Сайт пакуль працуе толькі на расейскай мове.

Акрамя фінансавай дапамогі, SaveUs хоча сабраць сьпіс актывістаў, якія могуць дапамагаць машынай і падвозіць жывёлаў у клініку, рабіць ім якасныя фотаздымкі або гатовыя зрабіць свайго гадаванца донарам крыві і выратаваць чыёсьці жыцьцё. На самым пачатку працы праекту ён ужо сабраў звыш 18 тысяч рублёў на дапамогу жывёлам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG