Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 140 гадоў з дня нараджэньня Ўсевалада Ігнатоўскага


Магіла Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску
Магіла Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску

Падзеі 19 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

140 гадоў таму, 19 красавіка 1881 году нарадзіўся Ўсевалад Ігнатоўскі, беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, першы прэзыдэнт Акадэміі Навук Беларусі.

Перасьлед і цкаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага пачаліся ў 1929-м. Яму прыгадалі і паходжаньне зь сям’і сьвятара — «клясава варожага пралетарыяту асяродзьдзя», і эсэраўскае мінулае, і прыкрыцьцё «нацдэмаў», што зьвілі сваё «асінае кубло» ў самой Акадэміі навук.

Выклікі ў ОГПУ рабіліся ўсё часьцейшымі. У «навуковых» дыскусіях, якія вяліся з Ігнатоўскім у тым доме, выкарыстоўваліся спэцаргумэнты з традыцыйнага арсэналу «майстроў заплечных справаў». Вярнуўшыся пасьля аднаго з допытаў да дому, Ігнатоўскі дастаў з шуфляды пісталет...

Прэзыдэнта Акадэміі навук пахавалі похапкам, раніцой, употай ад сяброў і калегаў.

Ягоная магіла захавалася на Вайсковых кладах нейкім дзівам.

Улада працягвала помсьціць Ігнатоўскаму і пасьля сьмерці.

У жудасным 1937-м была «як член сям’і здрадніка» засуджаная на восем гадоў лягераў жонка, расстраляныя сыны Юры і Валянцін.

Дагэтуль на сьценах акадэмічнага Інстытуту гісторыі няма мэмарыяльнай табліцы Ўсеваладу Ігнатоўскаму. Затое вісяць дошкі Горыну і Шчарбакову — бальшавіцкім фальсыфікатарам беларускай мінуўшчыны.

Ці згадаюць пра яго ў цяперашнім Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь? Наўрад. Бо замест дэвізу наркама асьветы Ігнатоўскага — «Вучыць беларуса на беларускай мове!» — міністэрскія сьцены аздобленыя партрэтамі чалавека, які публічна сьцьвярджаў, што на гэтай мове анічога значнага ні стварыць, ні выказаць немагчыма.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 132–133.

Усевалад Ігнатоўскі
Усевалад Ігнатоўскі

Таксама ў гэты дзень

1670 — горад Ліда атрымаў Магдэбургскае права.

1783 — Крым быў далучаны да Расеі паводле ўказу расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Датуль паўвостраў ніколі ня быў расейскім, хоць многія лічаць яго спрадвеку расейскай зямлёй.

1919 — польскія войскі перанялі тагачасную сталіцу краю Вільню ў расейскіх бальшавікоў. У гэты ж дзень у Белавескай пушчы быў забіты апошні зубар. Сёньняшнія зубры — гэта вынік аднаўленьня папуляцыі.

1943 — у Варшаўскім гета пачалося ўзброенае паўстаньне супраць нацыстаў

У гэты дзень нарадзіліся

1881 — Валянцін Волкаў, народны мастак БССР.

У памяці

1519 — памёр Войцех Радзівіл, рэлігійны дзяяч ВКЛ, луцкі і Віленскі біскуп.

1602 — памёр Ян Абрамовіч, ваявода менскі і смаленскі, выдавец «Катэхізісу» (1598) з 300 рэлігійнымі песьнямі.

1824 — памёр Джордж Байран, ангельскі паэт.

1882 — памёр Чарльз Дарвін, ангельскі прыродазнавец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG