Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран абвясьціў у вышук падазраванага ў дывэрсіі на ядзерным аб’екце


Цэнтрыфугі для ўзбагачэньня ўрану на іранскім заводзе ў Нэтэнзе, архіўнае фота
Цэнтрыфугі для ўзбагачэньня ўрану на іранскім заводзе ў Нэтэнзе, архіўнае фота

Іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне назвала падазраванага ў дывэрсіі на ядзерным абʼекце ў Нэтэнзе.

Паводле вэрсіі ўладаў гэта Рэза Карымі — 43-гадовы іранец, які працаваў на горна-ўзбагачальным камбінаце. Улады кажуць, што ён пакінуў Іран незадоўга да здарэньня. Яго абвясьцілі ў вышук.

Інцыдэнт на камбінаце, дзе ўзбагачаецца іранскае ядзернае паліва, адбыўся 11 красавіка. Выбух пашкодзіў ізаляваную ад зьнешняга сьвету разьмеркавальную электрасетку ядзернага абʼекта. Улады краіны назвалі тое, што здарылася «актам ядзернага тэрарызму».

Ацэнкі наступстваў аварыі адрозьніваюцца — кіраўнік Арганізацыі па атамнай энэргіі Ірану Алі-Акбар Салехі заявіў, што выбух не нанёс сурʼёзнай шкоды і праца завода працягнулася. Крыніцы газэты The New York Times ў амэрыканскай выведцы паведамілі, што спыненьне падачы электраэнэргіі разбурыла тысячы цэнтрыфуг для ўзбагачэньня ўрану, што адкінула іранскую ядзерную праграму на 9 месяцаў назад.

Улады Ірану абвінавацілі ў арганізацыі нападу Ізраіль. Крыніцы NYT сьцьвярджаюць, што дывэрсію на адным з самых абароненых іранскіх абʼектаў магла ўчыніць ізраільская спэцслужба «Масад». Ізраіль гэтага не камэнтуе.

  • У 2015 годзе Тэгеран і сталыя чальцы Рады бясьпекі ААН падпісалі пагадненьне аб зьняцьці санкцыяў за ядзерную праграму зь Ірану ў абмен на скарачэньне ядзерных распрацовак. У 2018 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выйшаў з угоды і аднавіў аднабаковыя санкцыі, тлумачачы гэта тым, што Іран таемна ад заходніх краінаў распрацоўвае атамную зброю. Рашэньне Трампа не было падтрыманае іншымі ўдзельнікамі ўгоды.
  • Рашэньне Трампа было заснаванае на інфармацыі ізраільскай выведкі. Ізраіль абвінавачвае Іран у стварэньні вайсковай атамнай праграмы. Іранскія ўлады адмаўляюць гэта. Аднак на фоне амэрыканскіх санкцыяў краіна абвясьціла аб пачатку ўзбагачэньня ўрану да 60%, што значна вышэй за ўзровень, неабходны для працы энэргетычных або навуковых рэактараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG