Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі суд не вярнуў Людміле Казак адвакацкую ліцэнзію


Людміла Казак падчас судовага працэсу, 25 верасьня 2020

У судзе Маскоўскага раёну Менска адбылося асноўнае пасяджэньне па справе, у якой Людміла Казак аспрэчвала рашэньне Міністэрства юстыцыі аб спыненьні дзеяньня спэцыяльнага дазволу на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці.

Судзьдзя Вольга Гусакова адмовіла пазоўніцы ў задавальненьні скаргі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Летась 24 верасьня супрацоўнікі міліцыі выкралі Людмілу Казак у цэнтры сталіцы. Пасьля ночы ў ізалятары судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менска Аляксандар Рудэнка вынес рашэньне, якім прызнаў адвакатку вінаватай у непадпарадкаваньні пры затрыманьні і аштрафаваў на 675 рублёў.

Сёлета 20 студзеня пасьля ўступленьня судовай пастановы ў сілу дысцыплінарная камісія Менскай калегіі адвакатаў прыцягнула Людмілу Казак да дысцыплінарнай адказнасьці ў выглядзе «заўвагі».

19 лютага кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі вырашыла спыніць дзеяньне яе ліцэнзіі ў сувязі з «грубым парушэньнем заканадаўства». Такім парушэньнем палічылі прыцягненьне Людмілы Казак да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 23.4 КаАП.

24 лютага дзеяньне ліцэнзіі спынілі, нягледзячы на тое, што скарга на пастанову па адміністрацыйнай справе яшчэ не была разгледжана Вярхоўным судом.

У гэтым зьвязку Людміла Казак прасіла прызнаць рашэньне Міністэрства юстыцыі неправамерным і абавязаць дзяржорган ліквідаваць парушэньне праз аднаўленьне адвакацкай ліцэнзіі. Суд яе патрабаваньне не падтрымаў.

Да забароны на прафэсію Людміла Казак прадстаўляла інтарэсы палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай. Аналягічны лёс напаткаў і многіх іншых адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG