Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Японіі не выключаюць адмены Алімпіяды ў Токіё летам 2021 году


Улады Японіі дапускаюць магчымасьць адмены Алімпійскіх гульняў у Токіё летам 2021 году. Пра гэта паведаміў генэральны сакратар кіроўнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Тасіхіро Нікай, перадае Reuters.

Паводле яго, калі сытуацыя з каранавірусам пагоршыцца, а рост колькасьці заражаных COVID-19 працягнецца, то правядзеньне Алімпійскіх гульняў стане надзвычай цяжкім, варыянт адмены спаборніцтваў становіцца магчымым.

Міністар, адказны за правядзеньне вакцынацыі, Таро Кона заявіў у эфіры тэлеканалу «Асахі», што летнія Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Токіё могуць прайсьці цалкам без гледачоў. Раней арганізатары прынялі рашэньне правесьці спаборніцтвы без замежных заўзятараў.

Летняя Алімпіяда ў Токіё мусіла адбыцца летась, але з прычыны пандэміі каранаварусу Гульні перанесьлі на ліпень 2021 году.

У студзені газэта The Times са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Японіі паведаміла, што японскія ўлады вырашылі адмяніць Алімпійскія гульні ў Токіё ў 2021 годзе з прычын пандэміі.

Паводле суразмоўцы выданьня, японскія ўлады ўжо прынялі рашэньне і цяпер шукаюць спосаб паведаміць пра гэта сьвету, «захаваўшы твар». Аднак ва ўрадзе Японіі катэгарычна абверглі гэтую публікацыю The Times, заявіўшы, што яна не адпавядае сапраўднасьці. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах таксама заявіў, што арганізацыя не плянуе адмяняць Алімпійскія гульні ў Токіё.

Праведзенае ў красавіку агенцтвам Kyodo апытаньне паказала, што 72% апытаных жыхароў Японіі хочуць, каб Алімпійскія гульні ў Токіё былі адменены або адкладзеныя з прычыны пандэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG