Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраны новы старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі


Біскуп Алег Буткевіч

У Менску прайшло 80-е пленарнае пасяджэньне Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ), прымеркаванае да 30-годзьдзя адраджэньня структураў Каталіцкага касьцёла ў краіне.

Як паведамляе інтэрнэт-партал catholic.by, у пасяджэньні ўзялі ўдзел усе беларускія герархі і Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пасьля выхаду на пэнсію і адыходу ад пастырскага кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй працягвае выконваць шэраг функцый у структуры ККББ.

На пачатку пасяджэньня яго ўдзельнікі памаліліся за здароўе Апостальскага візытатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, які нядаўна быў шпіталізаваны з пнэўманіяй у адзін зь менскіх шпіталяў, а таксама за ўсіх хворых на каранавірус і мэдычных работнікаў.

Паколькі пасада старшыні вызвалілася пасьля выхаду на пэнсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, былі праведзеныя выбары. У выніку галасаваньня новым старшынём Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі быў абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Таксама было вырашана, што традыцыйныя ўрачыстасьці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 2 і 3 ліпеня ў традыцыйным фармаце, з захаваньнем належных санітарных прадпісаньняў і без правядзеньня арганізаваных пілігрымак. Ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG