Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай прызнаў невысокую эфэктыўнасьць сваіх вакцын, брытанскі штам не прыводзіць да больш цяжкіх формаў COVID-19


Станам на 14 красавіка 2021 году колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце перавысіла 137 мільёнаў чалавек. Ахвярамі сталі 2,96 млн чалавек, ачунялі 78, 2 млн.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, захварэлі 338 801 чалавек, памерлі — 2383, 329 135 паправіліся і выпісаліся.

Апошні раз лічбу сьмерцяў вышэйшую за 10 афіцыйная статыстыка падавала 23 студзеня, 80 дзён таму, калі зафіксавалі 11 ахвяр каранавірусу. У лютым 14 дзён казалі пра 9 сьмерцяў штодня, у красавіку было 6 дзён запар па 9 выпадкаў, цяпер ужо чацьвёрты дзень фіксуюць 10.

Афіцыйная статыстыка каранавірусу, якую публікуюць улады Беларусі, часта атрымлівае крытыку за заніжэньне лічбаў ад незалежных мэдыкаў; на думку экспэртаў, лічбы могуць быць заніжаныя ў 7 разоў.

Адным сказам:

  • 13 красавіка Мінздароўя Беларусі ў сваім тэлеграме таксама паведаміла, што ў краіне рэгіструецца паступовы рост захворваньняў.
  • Ад каранавірусу ў 61 год памёр драматург і публіцыст Міхаіл Карпечанка.
  • У Індыі зафіксаваны найвышэйшы ў сьвеце паказьнік заражэньня каранавірусам за дзень — 184 372 выпадкі.
  • Ва Ўкраіне колькасьць ахвяраў пандэміі каранавірусу перавысіла 38 тысячаў чалавек.
  • Варыянт каранавірусу, які ўпершыню быў выяўлены ў Вялікай Брытаніі ў канцы 2020 году, так званы брытанскі штам, не прыводзіць да больш цяжкіх формаў COVID-19.
  • Амэрыканская біятэхналягічная кампанія Moderna панізіла індэкс эфэктыўнасьці сваёй вакцыны супраць COVID-19, прэпарат прадухіляе заражэньне ў 90% выпадкаў, а цяжкую форму хваробы — у 95%.
  • Турэччына ўводзіць частковы локдаўн у сувязі з каранавірусам.

Прадстаўнік Кітаю прызнаў невысокую эфэктыўнасьць кітайскіх вакцын

Вырабленыя ў Кітаі вакцыны ад COVID-19 «не забясьпечваюць высокага ўзроўню засьцярогі» ад каранавірусу, заявіў Гао Фу, кіраўнік Цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў КНР.

Пра гэта паведамляюць заходнія інфармацыйныя службы.
У суботу, выступаючы на канфэрэнцыі ў горадзе Чэнду, Гао Фу прызнаў праблему невысокай эфэктыўнасьці кітайскіх вакцын: «Мы разглядаем магчымасьць выкарыстаньня іншых вакцын, вырабленых на аснове іншых тэхналёгій».

Паводле Гаа Фу, для павышэньня эфэктыўнасці існуючых кітайскіх вакцын можа спатрэбіцца павелічэньне дазіровак або выкарыстаньне іх разам з вакцынамі, вырабленымі з дапамогай іншых тэхналёгій.

Гэта першае падобнага роду прызнаньне, зробленае афіцыйным кітайскім прадстаўніком. Да гэтага часу афіцыйны Кітай заяўляў аб высокай эфэктыўнасьці сваіх вакцын, вырабленых традыцыйным спосабам, на аснове інактываванага (забітага) каранавірусу.

Сам Гао Фу, які раней публічна выказваў занепакоенасьць з нагоды бясьпекі наватарскіх вакцын, створаных заходнімі кампаніямі на аснове малекулы мРНК, падчас канфэрэнцыі ўпершыню заявіў аб іх высокай эфэктыўнасьці і аб тым, што кітайскія кампаніі ствараюць свае ўласныя вакцыны на аснове новай тэхналёгіі.

Вырабленыя трыма кітайскімі кампаніямі вакцыны былі закуплены некалькімі дзясяткамі краін, сярод якіх Украіна, Турэччына, Бразылія, Інданэзія, Зімбабвэ, нягледзячы на адсутнасць дакладных дадзеных аб выніках клінічных выпрабаваньняў. У выніку тэставаньня, праведзенага ў Бразыліі, вакцына кітайскай фірмы Sinovac паказала эфэктыўнасьць 50,4%, у Турэччыне — 83,5%.

У адказ на просьбу агенцтва Associated Press аб камэнтары Гао Фу растлумачыў, што ён камэнтаваў эфэктыўнасьць вакцын, якія выкарыстоўваюцца ў сьвеце, а не ў Кітаі. У інтэрвію выданьню Global Times, якое выдаецца афіцыйным органам кітайскай кампартыі газэтай «Жэнмінь жыбао», Гао растлумачыў, што яго заявы няправільна інтэрпрэтавалі. Паводле яго, ён гаварыў у агульных рысах пра неабходнасьць павысіць эфэктыўнасьць вакцын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG