Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За чатыры гады лекараў у Беларусі стала менш на 1,1 тысячы


Падчас аднаго з пасьлявыбарчых мітынгаў у Віцебску. 15 жніўня 2020 года
Падчас аднаго з пасьлявыбарчых мітынгаў у Віцебску. 15 жніўня 2020 года

А за год у сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслуг стала працаваць менш на 1,8 тысяч спэцыялістаў.

Камэнтуючы адток кадраў у мэдыцыне, міністар аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч канстатаваў, што «адток кадраў, на жаль, ёсьць, 200-250 чалавек на год». Пры гэтым ён дадаў, што штогод «ВНУ выпускаюць 2,6-2,8 тысячы спэцыялістаў». Глядзім, як скарачаецца колькасьць мэдыкаў у Беларусі.

Мінус 8,4 тысячы сярэдняга мэдычнага пэрсаналу за 4 гады

Апошнюю падрабязную статыстыку аб колькасьці лекараў у Беларусі Белстат публікаваў за 2016 год. Сёлета абмежаваліся аглядам да Усясьветнага дня здароўя. У 2016 годзе ў Беларусі было 41 517 лекараў, на канец 2020 году — 40 400 лекараў ці на 1,1 тысячы менш. Гэта адток на 2,6% за 4 гады.


Яшчэ большы адток кадраў існуе сярод сярэдняга мэдычнага пэрсаналу. У 2016 годзе сярэдняга мэдычнага пэрсаналу было 125 849 чалавек, на канец мінулага году — 117 400 чалавек, то бок на 8,4 тысячы менш. Гэта 6,6% адтоку кадраў.


Мінус 36 шпітальных арганізацый

У 2016 годзе ў Беларусі было 636 шпітальных арганізацый, у канцы 2020-га іх стала 600, ці на 5,6% меней.


У сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслуг у 2019 годзе працавалі 328,1 тысячы чалавек, на канец 2020 году — 326,3 тысячы чалавек, гэта на 1,8 тысячы менш толькі за 1 год.

У рэспубліканскім банку вакансій цяпер ёсьць амаль 3 тысячы вакантных месцаў для дактароў-спэцыялістаў і столькі ж вакансій для мэдыцынскіх сясьцёр.

Сёлета ў студзені на працу ў сфэру аховы здароўя і сацыяльных паслуг прынялі 3163 чалавекі, а звольнілі 3917 чалавек. Розьніца — 754 чалавекі.

Куды едуць лекары

Агучаная міністрам аховы здароўя статыстыка не ўключае лекараў, якія зьяжджаюць у Расею, бо пры адсутнасьці мяжы адсачыць гэта цяжка.

З 1 красавіка мінулага году ў Польшчы існуюць спрошчаныя правілы ўладкаваньня на працу лекараў зь іншых краінаў. Да 12 сакавіка гэтага году (менш чым за год) заяўкі на працаўладкаваньне паводле спрошчанай схемы падалі 72 мэдыцынскія супрацоўнікі зь Беларусі. Большасьць зь іх (69) дактары.

За мінулы год колькасьць лекараў зь Беларусі ў Нямеччыне вырасла на 109 чалавек, ці на 17%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG