Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына ўводзіць частковы локдаўн у сувязі з каранавірусам. Беларусы ўсё роўна ляцяць на адпачынак


Пляж у Антальлі

Пасьля сустрэчы з урадам прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што новыя правілы ўступяць у сілу ўвечары ў сераду.

Камэнданцкая гадзіна ў будні пачнецца а 19-й гадзіне замест 21-й, як раней, і будзе доўжыцца да 5-й раніцы. У гэты час перамяшчэньне паміж гарадамі будзе забаронена, за выключэньнем тэрміновых выпадкаў, паведамляе Hurriyet Daily News.

Кавярні і рэстарацыі могуць працаваць толькі для дастаўкі альбо прадаваць ежу на вынас. Да завяршэньня Рамадану будуць зачыненыя залі для афіцыйных цырымоніяў, спартовыя залі і г.д.

На мінулым тыдні ў Турэччыне зафіксавалі новыя максымумы заражэньня каранавірусам, самы высокі — больш за 55 000 у дзень. 12 красавіка лічбы перавысілі 54 тысячы. На тле пагаршэньня ўмоваў першапачаткова дапускалі поўны локдаўн на працягу ўсяго Рамадану.

Больш за 11 мільёнаў чалавек у краіне ўжо прышчэпленыя супраць каранавірусу, і больш за 7 мільёнаў — другой дозай. Насельніцтва Турэччыны — 82 мільёны.

Расея прыпыніла палёты ў Турэччыну да 1 чэрвеня і рэкамэндавала ўсім расейскім турыстам, якія купілі туры на гэты пэрыяд, адмовіцца ад іх. Беларусь жа нічога не мяняе: першы чартэр зь Менску ў Антальлю павінен паляцець 18 красавіка. Таксама зь Менску ў Стамбул лётаюць Turkish Airlines і «Белавія», такім чынам, беларускія турысты зь перасадкай могуць дабрацца да Антальлі. Кіраўнік беларускай турыстычнай кампаніі «Тайм Ваяж» Руслан Сегенюк заявіў выданьню Оnliner, што «бясьпека ў курортных зонах па-ранейшаму на высокім узроўні», а рэйсы на красавік і травень ужо загружаныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG