Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Сымона Рак-Міхайлоўскага


Сымон Рак-Міхайлоўскі
Сымон Рак-Міхайлоўскі

Падзеі 14 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

14 красавіка 1885 году нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, грамадзка-палітычны дзеяч, чалец Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, публіцыст, заснавальнік і дырэктар настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах (1920–1922).

Некалі ў дзяцінстве, гартаючы кнігі й часопісы маёй мамы, выкладчыцы гісторыі, я сустрэў сьмешнае прозьвішча — Рак-Міхайлоўскі. Больш ад таго першага знаёмства нічога не запамяталася.

Другое адбылося ўжо ў мае студэнцкія сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя. Робячыся беларусам ня толькі паводле пашпарту, я з апантанасьцю нэафіта пачаў скупляць беларускія кнігі і, вярнуўшыся з будатраду не з пустым гаманцом, набыў дзевяць выдадзеных на той час вішнёвых тамоў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі.

З аднаго зь іх і ўведаў, што ў 1918-м Сымон Рак-Міхайлоўскі, аказваецца, быў «членам контрарэвалюцыйнай Рады БНР і яе вайсковай камісіі».

Пра далейшыя вехі жыцьця гэтай падазронай асобы гаварылася спасьцярожліва і без ацэнак: настаўнік Віленскай беларускай гімназіі, стваральнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай сэмінарыі, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы.

Што гэта былі за вучэльні й што за таварыства, я ня меў аніякага ўяўленьня, бо ў нас на гістфаку БДУ такія рэчы не вывучаліся, а ў лепшым разе мімаходзь згадваліся. Потым энцыкляпэдычны артыкул рабіўся больш прыхільным да свайго героя — яўна з тае прычыны, што Сымон пасьля памылак і хістаньняў маладосьці стаў на правільныя рэйкі й уступіў у кампартыю Заходняй Беларусі, за што, як трэба было меркаваць, і атрымаў ад польскіх уладаў дванаццаць гадоў турмы.

Аднак, як вынікала зь вішнёвага тому, усё выглядала ня так трагічна, бо ў 1931-м змагар з эксплюататарамі пераехаў па абмене палітвязьнямі ў БССР, дзе працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю і нават быў членам ЦВК рэспублікі. Праўда, на гэтым (пасьля хуценькага паведамленьня, што Сымон Рак-Міхайлоўскі складаў вершы, пісаў падручнікі і лічыцца аўтарам музыкі да Багдановічавай «Зоркі Вэнэры») артыкул неяк раптоўна абрываўся.

Я паглядзеў на дату сьмерці: 1937-ы (дарэчы, і той недакладны).

Разгарнуўшы выдадзены праз тры дзесяцігодзьдзі адпаведны том сучаснай Беларускай энцыкляпэдыі, я пераканаўся, што за гэты час мы прайшлі велізарны шлях.

Тут ужо згадваюцца старанна замоўчаны энцыкляпэдыяй-папярэдніцай Першы Ўсебеларускі зьезд, дэлегатам якога быў Рак-Міхайлоўскі, арышт і асуджэньне на дзесяць гадоў лягераў паводле сфабрыкаванай ОГПУ справы «Беларускага нацыянальнага цэнтру», а таксама дакладная дата расстрэлу.

Здаецца, можна было б цешыцца, што гістарычная праўда вяртаецца. Можна было б, каб не адна акалічнасьць: многае з таго, за што змагаўся Рак-Міхайлоўскі на пачатку мінулага стагодзьдзя, ня менш актуальнае і ў сёньняшняй Беларусі.

Возьмем, да прыкладу, нацыянальную адукацыю і Таварыства беларускай школы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 184–185.

Таксама ў гэты дзень

1432 — пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі.

1849 — вугорскія паўстанцы абвясьцілі аб незалежнасьці Вугоршчыны ад Аўстрыі.

1871 — у Нямеччыне створаны парлямэнт — райхстаг.

1894 — адбылася першая публічная дэманстрацыя кінапраектара Томаса Эдысана.

1912 — карабель «Тытанік» сутыкнуўся з айсбэргам і затануў.

1956 — ангельскія вынаходнікі прадэманстравалі, як дзейнічае відэамагнітафон.

1978 — Вярхоўны Савет БССР прыняў «брэжнеўскую» канстытуцыю Беларусі, апошнюю ў савецкай імпэрыі (дзейнічала да 1994 году).

1988 — у Варшаве заснавалі Беларускае аб’яднаньне студэнтаў.

2011 — Рада бясьпекі ААН асудзіла тэракт у менскім мэтро, які здарыўся 11 красавіка. У Менску пахавалі першых 8 ахвяраў тэракту.

2012 — зь Віцебскай калёніі вызвалены былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Андрэй Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

У гэты дзень нарадзіліся

1835 — Валяр’ян Вільчэўскі, лекар, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1880 — Язэп Дыла, грамадзкі дзеяч, пісьменьнік.

1920 — Аляксей Карпюк, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч.

Аляксей Карпюк
Аляксей Карпюк

Яго, былога камандзіра партызанскага аддзелу імя Каліноўскага, кавалера савецкіх і польскіх баявых узнагародаў, на падставе сфабрыкаваных чэкістамі Фаміным і Клімовічам дакумэнтаў абвінавацілі ў калябарацыянізьме. Два гады Карпюк ня мог уладкавацца на працу.

Потым яго адновяць у КПСС, але на самым пачатку дзевяностых ён сам выйдзе адтуль. Праўда, пры гэтым партбілет пакіне сабе, напісаўшы ў заяве, што робіць гэта «на памяць пра летуценьні маладосьці».

Але непапраўным летуценьнікам і змагаром за свае ідэалы ён будзе заставацца праз усё жыцьцё: і ў творчасьці, і на пасадзе сакратара Горадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, і ў нязьменна вострых і розгаласных прамовах на літарацкіх зьездах і пленумах.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 390–391.

1961 — Арына Вячорка (ад нараджэньня Поўзік), гісторык, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Арына Вячорка
Арына Вячорка

Яна стала прадусарам знакамітага сёньня гурту «Стары Ольса» і музычнага праекту «Вір», кансультантам фільму «Старадаўнія музычныя інструмэнты Беларусі» й праекту «Гістарычны эпас», арганізоўвала ў Менску і Наваградку нацыянальныя конкурсы маладых выканаўцаў «У гонар каралевы Боны». Удумаемся і ў гэтую лічбу: 100 зладжаных ёю канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі.

А былі ж яшчэ клопаты пра дзяцей — Радаславу, Францішка і Ружану. Імя сына Вячоркаў ведае цяпер усё незалежнае беларускае грамадзтва, а фільм «Жыве Беларусь!», адзін з аўтараў якога — Франак, заваяваў зь дзясятак узнагародаў на міжнародных кінафэстывалях.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 620–621.

Майстроўцы і майстроўкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:19:18 0:00
Наўпроставы лінк

1962 — Пётар Марцаў, журналіст і выдавец, прадпрымальнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Пералік тэмаў, артыкулаў, інтэрвію, журналісцкіх расьсьледаваньняў, якія я й цяпер добра памятаю, атрымаўся б занадта доўгім. Асабіста я ўдзячны Марцаву за фантастычную па колькасьці ўдзельнікаў тэлефонную жывую лінію, якую мы вялі з адным з найталенавіцейшых супрацоўнікаў «БДГ» Сяргеем Шапранам. За маю пэрсанальную рубрыку «С историей на „Вы“». За публікацыю расейскамоўнай газэтнай вэрсіі нашай з Генадзем Сагановічам кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі».

Узровень газэт Пятра Марцава быў такі, што ва ўмовах, калі ўлада ня проста спыніла час, а павярнула яго назад, выхад «БДГ» жывіў надзею на перамены.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 666–667.

У памяці

1101 — Усяслаў Брачыслававіч (Чарадзей), полацкі князь.

1347 — Антоні, адзін з трох віленскіх мучанікаў, павешаны.

1707 — Тодар Абуховіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мэмуарыст.

1939 — Паўлюк Шукайла, пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

У 1930-м адбыўся першы арышт, але Паўлюк здолеў празь месяц выйсьці на волю і неўзабаве нават атрымаў званьне прафэсара кінамастацтва. Падчас другога арышту, у 1935-м, яго зноў жа хутка выпусьцілі, але — інвалідам з зламаным хрыбетнікам. Трэцяя сустрэча Паўлюка з «органамі» (на той час былы прафэсар ужо ператварыўся ў бамжа) сталася фатальнай.

Як «удзельнік контрарэвалюцыйнай арганізацыі» ён быў засуджаны на расстрэл. Прысуд выканалі ў наступную ж ноч.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 188–189.

Авантурнікі і валацугі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:00 0:00
Наўпроставы лінк

2003 — Зора Кіпель, бібліёграф, літаратуразнаўца, публіцыстка, грамадзка-культурная дзяячка эміграцыі ў ЗША.

Зора Кіпель
Зора Кіпель

Сваім другім домам спадарыня Кіпель называла Нью-Ёрскую публічную бібліятэку, дзе працавала амаль чатыры дзесяцігодзьдзі. Дзякуючы ёй значна пашырыўся беларускі кнігазбор бібліятэкі, былі наладжаныя дзясяткі тэматычна зьвязаных зь Беларусьсю выставаў, сэмінараў і канфэрэнцый.

Разам зь Вітаўтам Зора ўклала такія фундамэнтальныя кнігі, як «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе», «Беларуская дзяржаўнасьць», «Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе». Яна колькі гадоў рэдагавала газэту «Беларус». Зорынаму пяру належыць ангельскі пераклад беларускае вэрсіі знакамітай рыцарскай «Аповесьці пра Трышчана».

Яе імя было з шэрагу тых, што служылі своеасаблівымі візытоўкамі Беларусі ў вольным сьвеце.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 504–505.

Каханьне па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:19:56 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG