Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты выведкі ЗША: у бліжэйшыя 20 гадоў Расея застанецца «разбуральнай сілай»


Расея ў бліжэйшыя 20 гадоў будзе заставацца «разбуральнай сілай» у сусьветнай прасторы, нават калі яе эканамічныя магчымасьці будуць скарачацца ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

Да такой высновы прыйшлі аўтары дакладу Нацыянальнай рады выведкі ЗША з ацэнкай сіл і дынамікі, якія ўплываюць на нацыянальную бясьпеку ЗША ў бліжэйшыя 20 гадоў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

На думку аўтараў дакладу, у бліжэйшыя 20 гадоў ніводная дзяржава ня зможа дамагчыся поўнага дамінаваньня ва ўсіх рэгіёнах. Свае інтарэсы ў сьвеце будуць прасоўваць некалькі буйных краін. Аднак найбольшы ўплыў на сусьветную дынаміку будуць аказваць дзьве найбуйнейшыя сусьветныя эканомікі, ЗША і Кітай, якія прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў на сьветаўладкаваньне.

Расея, як гаворыцца ў дакладзе, у бліжэйшыя 20 гадоў, верагодна, застанецца разбуральнай сілай, нават калі яе матэрыяльныя магчымасьці зьнізяцца ў параўнаньні зь іншымі буйнымі гульцамі.

Перавагі Расеі — значныя ўзброеныя сілы, наяўнасьць зброі масавага паражэньня, энэргарэсурсаў і карысных выкапняў, яе геаграфічнае становішча і гатоўнасьць ужываць сілу за межамі краіны — дазволяць Маскве і далей гуляць ролю парушальніка і ўплывовага пасярэдніка на постсавецкай прасторы. Расея, хутчэй за ўсё, працягне спробы ўзмацніць рознагалосьсі на Захадзе і будзе імкнуцца знайсьці саюзьнікаў у Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах.

Аднак супраць Расеі гуляюць іншыя фактары — дрэнны інвэстыцыйны клімат, высокая залежнасьць ад экспарту сыравінных тавараў зь нестабільнымі цэнамі, а таксама невялікая эканоміка, якая ў бліжэйшыя 20 гадоў так і застанецца на ўзроўні каля 2% ад усяго сусьветнага ВУП. Гэта наўрад ці дазволіць Расеі рабіць кардынальны ўплыў на сьветапарадак.

Сыход Уладзіміра Пуціна з пасады прэзыдэнта можа хутка падарваць геапалітычнае становішча Расеі, асабліва калі ў краіне пачнецца ўнутраная нестабільнасьць. Зьніжэньне энэргетычнай залежнасьці Эўропы ад Расеі таксама можа нанесьці страты Крамлю празь зьніжэньне даходаў ад экспарту нафты і газу.

Заходнія дзяржавы, верагодна, будуць змагацца з выклікамі з боку Кітаю і Расеі, якія ўсё больш імкнуцца ўплываць на астатні сьвет. Пры гэтым Кітай і Расея, верагодна, будуць надалей пазьбягаць заключэньня афіцыйных саюзаў адзін з адным, актыўна ўзаемадзейнічаючы ў дзелавой сфэры, што дазволіць ім пазьбягаць узаемных супярэчнасьцяў у сфэры бясьпекі.

З поўнай вэрсіяй дакладу можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнай рады выведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG