Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі заявіў пра беспрэцэдэнтны ціск на іх валянтэраў


Наступствы катаваньняў, архіўнае фота

Крымінальныя справы заведзеныя супраць некалькіх валянтэраў Міжнароднага камітэту расьследаваньня катаваньняў у Беларусі. Праваабаронцы кажуць, што аднаго зь іх самога катавалі.

Як паведамляе арганізацыя «Прававая ініцыятыва», 3 красавіка валянтэр Міжнароднага камітэту расьследаваньня катаваньняў у Беларусі пасьля адміністрацыйнага арышту стаў падазраваным у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Пры затрыманьні і ператрусе яго катавалі, каб атрымаць доступ да кампутара і тэлефона. Падчас адміністрацыйнага арышту ён таксама перажыў негуманнае стаўленьне — камэру залівалі хлёркай, кідалі ў карцар у бесчалавечныя ўмовы, аказвалі моцны псыхалягічны ціск.

6 красавіка сілавікі правялі ператрус у кватэры праваабаронцы, экспэрта АБСЭ БДІПЧ Эніры Браніцкай. Афіцыйнай падставай назвалі крымінальную справу аб масавых беспарадках. Аднак на словах супрацоўнікі паведамілі, што рэальнай прычынай зьяўляецца дзейнасьць Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі. Падчас ператрусу канфіскавалі тэхніку, асабістыя грошы.

Міжнародны камітэт у расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі заяўляе: нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, актывісты працягнуць сваю працу.

«Нагадваем, што ўрад Беларусі абавязаны забясьпечваць правы чалавека і свабодную дзейнасьць праваабарончых арганізацый у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі. Мы аказваем дапамогу грамадзянам усімі законнымі мэтадамі, у тым ліку з дапамогай міжнародных мэханізмаў дзеля абароны правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Калі хтосьці сутыкнуўся зь перасьледам за абарону сваіх правоў, праваабаронцы просяць паведаміць ім праз телеграм-бот.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG