Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстаўку беларускіх мастакоў у Кіеве можна наведаць онлайн. Арганізатары ствараюць 3D-тур


Твор Ігара Цішына «Лінія страху»
Твор Ігара Цішына «Лінія страху»

Мастацкі арсэнал, у якім з 25 сакавіка праходзіць выстава беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасьць. Супраціў», рыхтуе беларускамоўную вэрсію 3D-туру, пры дапамозе якога прыхільнікі мастацтва змогуць дыстанцыйна паглядзець амаль 50 твораў беларускіх мастакоў.

Пакуль што віртуальная экскурсія ажыцьцяўляецца на ўкраінскай мове, таксама рыхтуецца аўдыёгід па-ангельску. Неўзабаве ў 3D-экскурсію плянуюць уключыць і відэаработы, прадстаўленыя на выставе.

Выставу беларускіх мастакоў плянавалі адкрыць у Дзень Волі, 25 сакавіка, аднак з прычыны ўзмацненьня карантынных абмежаваньняў у Кіеве прэзэнтацыю выставачнага праекту ажыцьцяўлялі онлайн.

Як паведамляла Свабода, беларускую экспазыцыю адкрываюць творы мастака Алеся Пушкіна зь ягонага «Турэмнага альбома». Першым прадстаўлены ягоны вядомы пэрформанс «Падарунак прэзыдэнту», які ён зрабіў у 1999 годзе, але крыху абноўлены — цяпер на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» разьлітая чырвоная фарба, якая сымбалізуе кроў. Пасьля вяртаньня ў Беларусь мастака арыштавалі.

Выстава была арганізаваная фактычна дыстанцыйна — за 4 месяцы ўзгаднілі творы, мастакоў і праект. Такія ж рэкордныя і тэрміны мантажу экспазыцыі, у якой сабраныя фота- і відэатворы, малюнкі і інсталяцыі. На ёй прадстаўленыя разнажанравыя творы больш як 80 мастакоў зь Беларусі, у тым ліку Ігара Цішына, Максіма Сарычава, Юрыя Шуста, Андрэя Дурэйкі, Надзеі Саяпінай, Антаніны Сьцебур, Антаніны Слабодчыкавай і іншых.

Выстава будзе працаваць да 4 траўня. Арганізатары спадзяюцца, што ўкраінскі глядач пасьля завяршэньня локдаўну ў Кіеве зможа наведаць экспазыцыю і азнаёміцца зь беларускім сучасным мастацтвам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG