Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай турме на Акрэсьціна перадачы пачалі аддаваць толькі пасьля вызваленьня


Ізалятар на Акрэсьціна

Пра гэта заявілі БАЖ некалькі журналістаў, якія адбылі адміністрацыйны арышт. Перадачы нават у абмежаваным выглядзе ў камэру ім не паступалі.

Журналісты, якія на гэтым тыдні выйшлі пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў на Акрэсьціна, расказалі пра яшчэ адзін від парушэньня правоў зьняволеных, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У турме на Акрэсьціна шточацьвер прымаюць вельмі абмежаваныя перадачы для зьняволеных, але нават яны да арыштаваных не даходзяць — людзям аддаюць іх толькі пры вызваленьні.

Былыя вязьні адзначылі, што бачылі праз вокны сваіх родных, бачылі перадачы. Але атрымалі іх толькі праз тыдзень, пры выхадзе на волю.

Раней вязьні неаднаразова паведамлялі пра нечалавечае стаўленьне адміністрацыі ізалятараў. У прыватнасьці, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч расказалі пра хлёрку, якую разьлівалі ахоўнікі на падлогу ў камэрах. Вядома, што некалькі чалавек атрымалі апёкі твару празь немагчымасьць нармальна дыхаць.

Урбановіч таксама расказаў і пра іншыя зьдзекі, якія аднавіліся ў Жодзіне з пачатку красавіка. На Акрэсьціна ў Менску, паводле наяўнай інфармацыі, таксама працягваюцца зьдзекі з арыштаваных.

Катаваньні і нечалавечае абыходжаньне са зьняволенымі адлюстраваныя ў апошніх дакладах Дзярждэпартамэнту ЗША і праваабаронцаў з Amnesty International аб сытуацыі ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG