27 сакавіка міліцыянты забралі з дому мадэратара чату «Жодино для жизни» Лідзію Коршун. Цяпер стала вядома, што яе абвінавацілі ў каардынацыі дваровых пратэставых рухаў, закліку да актыўных дзеяньняў і абразе супрацоўнікаў міліцыі, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Тэлеграм-канал «Страна для жизни» паведаміў, што супраць жанчыны распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Коршун пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Пры гэтым ніхто са сваякоў і блізкіх дакладна ня ведае, дзе ўтрымліваюць Лідзію. Па непацьверджаных дадзеных, яна ў ІЧУ Жодзіна.
Паводле інфармацыі прэс-службы УУС Менскага аблвыканкаму, дзейнасьць жанчыны выкрылі супрацоўнікі Жодзінскага ГАУС і УУС Менскага аблвыканкаму. Яны лічаць, што яна каардынавала «дваровы пратэставы рух у Жодзіне, заклікала да актыўных дзеяньняў, пры гэтым сама заўсёды заставалася дома».
Міліцыянты таксама заявілі, што Коршун абражала іх у чаце тэлеграм-суполкі «Каратели».
На відэазапісе, які зрабілі сілавікі, дзяўчына сказала, што была мадэратарам чату «Жодино для жизни», але выдаляла паведамленьні радыкальнага характару і карыстальнікаў за некарэктныя выказваньні. Дзяўчына сьцьвярджае, што яна супраць падобных заклікаў і супраць абраз.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў