Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейная старшыня АБСЭ заклікала ўлады Беларусі прыняць прапанову БДІПЧ аб супрацоўніцтве


Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Швэцыі Ан Ліндэ у Стакгольме, 17 лістапада 2020 году
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Швэцыі Ан Ліндэ у Стакгольме, 17 лістапада 2020 году

Дзейная старшыня арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе, міністарка замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ падтрымала апублікаваную 6 красавіка заяву дырэктара Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Матэа Мэкачы аб сытуацыі ў Беларусі.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.

«Падзяляю заклапочанасьць БДІПЧ АБСЭ сытуацыяй у Беларусі. Заклікаю Беларусь найлепшым чынам выкарыстаць прапанову БДІПЧ аб абмене досьведам і інструмэнтарыем на карысьць усіх грамадзян», — напісала Ліндэ на сваёй старонцы ў «Твітэры».

Мэкачы ў сваёй заяве адзначыў, што шматлікія паведамленьні пра крымінальныя абвінавачаньні, адміністрацыйныя затрыманьні, запалохваньні і перасьлед беларускіх грамадзян і праваабаронцаў, якія паступілі ў апошнія месяцы, выклікаюць значную заклапочанасьць.

«Я ўстрывожаны адсутнасьцю расьсьледаваньня многіх заяў аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня і беспакаранасьцю вінаватых, нягледзячы на тысячы скаргаў, пададзеных меркаванымі ахвярамі, — заявіў дырэктар БДІПЧ. — У той жа час я хацеў бы падкрэсьліць, што мы па-ранейшаму гатовыя дапамагчы Беларусі ў павышэньні павагі да правоў чалавека і ва ўмацаваньні дэмакратычных інстытутаў у адпаведнасьці з узятымі краінай абавязаньнямі, напрыклад, шляхам маніторынгу судовых працэсаў і перагляду заканадаўства».

Мэкачы нагадаў беларускім уладам аб іх міжнародных абавязаньнях, у тым ліку ў рамках АБСЭ, у справе датрыманьня правоў чалавека і захаваньні вяршэнства закону, падтрыманьня абсалютнай забароны ўсіх формаў катаваньняў і іншых жорсткіх і прыніжальных годнасьць відаў абыходжаньня, а таксама па прыцягненьні да адказнасьці ўсіх вінаватых у парушэньнях правоў чалавека. БДІПЧ гатовае аказаць неабходнае садзеяньне для дасягненьня гэтых мэтаў.

Лідэры эўрапейскіх краін неаднаразова заяўлялі пра неабходнасьць перамоў пад эгідай АБСЭ для выхаду Беларусі з вострага палітычнага крызісу, што ўзьнік пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні летась.

Аляксандар Лукашэнка, які лічыць сябе законна абраным прэзыдэнтам, адмаўляецца ад перамоў з дэмакратычнымі сіламі на чале зь яго асноўнай апанэнткай Сьвятланай Ціханоўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG