«Мы не зьбіраемся ні з кім ваяваць, але калі да нас будуць вось такім чынам ставіцца, як у канцы мінулага году і цяпер, па мордзе атрымаюць, і вельмі моцна. Хопіць быць пасіўнымі назіральнікамі: там, дзе трэба, мы павінны рэагаваць адэкватна, як гэта было ў Берасьці і Горадні», — прыгразіў ён.
Лукашэнка зьвярнуў асаблівую ўвагу на працу мясцовых органаў улады, у якіх «пад бокам разгарнулі дзейнасьць дэструктыўныя арганізацыі», спасылаецца на яго БелТА.
«Даўно трэба было праверыць курсы вывучэньня моваў, скаўцкія арганізацыі ды іншыя структуры, якія фінансуюцца з-за мяжы. І вельмі сумна, што новы ва ўрадзе чалавек, які адказвае за нацыянальныя і рэлігійныя адносіны, не заўважыў і не пачаў сваю працу з гэтага. Вазьміце і разруліце», — загадаў ён упаўнаважанаму ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандру Румаку.
Лукашэнка заявіў, што з усімі «сумнеўнымі аб’яднаньнямі трэба разабрацца прынцыпова»:
«Гэта ўжо справа кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта ўсіх перарэгістраваць. Мы не зьбіраемся выразаць тых, хто прыносіць карысьць. Але ўбачылі, хто ёсьць хто. Таму іх трэба прывесьці да прытомнасьці. Калі здольныя працаваць на дзяржаву, будзем іх „трываць“ і зь імі супрацоўнічаць. Не — значыць, „пад нож“. Гэта ж нягожа, калі гэтыя структуры, існуючы ў Беларусі, уцягваюць моладзь у антыдзяржаўную дзейнасьць, арганізуюць уцечку кваліфікаваных кадраў за мяжу».
Таксама ён распарадзіўся папрацаваць над прадстаўленьнем грамадзкасьці і заходнім партнэрам «польскага пытаньня».
«На Захадзе ня ўсе разумеюць, што адбываецца на самой справе. Варта больш актыўна прасоўваць тэмы перасьледу этнічных беларусаў у міжваенны і паваенны пэрыяды, дзейнасьці польскіх нацыяналістычных бандфармаваньняў на нашай тэрыторыі, рэваншысцкіх памкненьняў у вяртаньні кантролю над асобнымі рэгіёнамі Беларусі. У Варшаве іх дагэтуль называюць усходнія крэсы».
Лукашэнка дадаў, што беларускія ўлады «абсалютна не прыгнятаюць польскую меншасьць»: маўляў, у яе ёсьць сваё аб’яднаньне, з дапамогай якога тыя могуць рабіць унёсак у разьвіцьцё адносін паміж краінамі. Аднак афіцыйны Саюз палякаў павінен канструктыўна працаваць на карысьць Беларусі, адзначыў ён.
Пра затрыманых лідэраў польскага руху Лукашэнка не згадаў.