Як паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацый, ад відавочцы паступіла інфармацыя пра падзеньне чалавека з падвеснай будаўнічай люлькі на ўзроўні 17 паверху.
«Знойдзены чалавек без прыкметаў жыцьця на зямлі і віслая будаўнічая люлька на адным тросе. Трагедыя здарылася каля 12.20 на тэрыторыі шматфункцыянальнага комплексу пры ўстаноўцы дэкаратыўных элемэнтаў у 25-ці павярховым доме. Працы праводзілі двое падсобных рабочых. Аднаго з нахіленай люлькі вынялі калегі да прыезду ратавальнікаў. Ён не пацярпеў. Пасьля агляду брыгадай хуткай дапамогі другога чалавека была канстатаваная яго сьмерць», — паведамілі ў ведамстве.
У Сьледчым камітэце ўдакладнілі, што сьмяротна траўмаванаму рабочаму было 25 гадоў.
«У выніку падзеньня мужчына атрымаў цялесныя пашкоджаньні, ад якіх памёр на месцы. Сьледча-апэратыўная група праводзіць агляд месца, адбіраецца дакумэнтацыя ў ахове працы і тэхніцы бясьпекі. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза. Усе абставіны надзвычайнага здарэньня высьвятляюцца», — адзначаецца ў паведамленьні.
Будаўнічыя працы ў комплексе «Менск Сьвет» на месцы старога гарадзкога аэрапорту вядзе кампанія Dana Holding, якой валодаюць набліжаныя да Лукашэнкі браты-бізнэсоўцы Карычы з Сэрбіі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў