Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Генадзя Карпенкі


Магіла Генадзя Карпенкі на Ўсходніх могілках у Менску

Падзеі 6 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

6 красавіка 1999 году раптоўна і загадкава памёр Генадзь Карпенка, беларускі навуковец і палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьня. У 1996 годзе Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету, кіраваў працэсам імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі.

Генадзь Карпенка
Генадзь Карпенка

У Генадзя Карпенкi напачатку атрымлівалася ўсё ці амаль усё.

Бліскуча абараніў доктарскую, зрабіў пяцьдзясят вынаходніцтваў, укаранёных у пятнаццаці краінах, быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук і ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй.

У 1987-м стаў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай мэталюргіі й вывеў яго ў лік найлепшых прадпрыемстваў рэспублікі.

Лёгка заваяваў пасьведчаньне дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, дзе кіраваў камісіяй па навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992-м узначаліў Маладэчанскі гарвыканкам і за два гады пасьпеў правесьці ў горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваць музычны і тэатральны фэстывалі, карэнным чынам (адзіны ў краіне прыклад!) зьмяніць гарадзкую тапаніміку, ператварыўшы яе з убогай стандартна-савецкай у беларускую — з вуліцамі Вялікі Гасьцінец (замест Леніна), Грамадоўскай, імя Францішка Скарыны, Язэпа Драздовіча...

У 1996-м Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзыдэнта.

У 1998-м ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценявога ўраду), створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня прэзыдэнта.

Ён быў чалавекам утульным і камфортным, але ўмеў быць і бескампрамісным. Генадзь Карпенка мысьліў у агульнанацыянальных катэгорыях.

Ён быў адным з самых таленавітых лідэраў апазыцыі.

Ён мог стаць другім прэзыдэнтам краіны і разьвярнуць яе да дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці.

Таму яго й няма сёньня з намі.

Ён, хоць ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе, раптам загадкава згас, выпіўшы кавы зь нікому невядомай «журналісткай».

Празь месяц бясьсьледна зьнік адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў — Юры Захаранка, яшчэ праз паўгода другі — Віктар Ганчар.

Генадзю Карпенку ішоў усяго пяцідзясяты...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 458–459.

Фронт праходзіў праз парлямэнт
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:19:24 0:00
Наўпроставы лінк

Таксама ў гэты дзень

1814 — Напалеон адрокся ад пасаду і, згодна з выракам, быў накіраваны ў высылку на востраў Эльба.

Карціна Поля Дэляроша «Напалеон у Фантэнбло», карціна адпавядае моманту падпісаньня адрачэньня ад пасаду
Карціна Поля Дэляроша «Напалеон у Фантэнбло», карціна адпавядае моманту падпісаньня адрачэньня ад пасаду

1869 — Дзьмітры Мендзялееў публічна прадставіў сваю пэрыядычную табліцу элемэнтаў.

1896 — у Атэнах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першых сучасных Алімпійскіх гульняў.

1917 — уступленьне Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Першую сусьветную вайну на баку Антанты.

1990 — у Менску было створанае Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», якое арганізацыйна аб’ядноўвае ўсе беларускія асяродкі ва ўсім сьвеце.

2010 — пачатак рэвалюцыі ў Кіргізстане, якая прывяла да зрынаньня прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Рэвалюцыя ў Кіргізстане, красавік 2010
Рэвалюцыя ў Кіргізстане, красавік 2010

У гэты дзень нарадзіліся

1483 — Рафаэль Санці, італьянскі мастак і архітэктар.

1896 — Ізі Харык, беларускі габрэйскі паэт.

Ізі Харык
Ізі Харык

1905 — Мікола Хведаровіч, беларускі паэт.

1910 — Барыс Кіт, навуковец, дзеяч беларускай эміграцыі.

Барыс Кіт, 1930-я гады
Барыс Кіт, 1930-я гады

Жывучы з 1949 году ў ЗША, Барыс Кіт зрабіўся плянэтарна вядомым вучоным у галіне астранаўтыкі. Ён вынаходзіў формулы ракетнага паліва, распрацоўваў сродкі сувязі для касьмічных караблёў, прычыніўся да падрыхтоўкі высадкі на Месяц. Імя акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Кіта закладзенае ў «капсулю часу» найлепшых вучоных гэтай галіны, якую заплянавана ўскрыць праз 500 гадоў.

Беларусь ніколі не пакідала ягонага сэрца. Ён неаднаразова наведваў яе ў 1990-я, фундаваў беларускія выданьні, сябраваў з Васілём Быкавым, заснаваў прэмію свайго імя для культурных дзеячаў. Пра Барыса Кіта, ганаровага грамадзяніна Наваградку, выйшла важкая палічка кніг.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 718–719.

Пераплылі Атлянтыку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:22 0:00
Наўпроставы лінк

1928 — Хведар Нюнька, грамадзка-культурніцкі дзеяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Хведар Нюнька
Хведар Нюнька

Недзе тут шчыраваў пасьля Прагі ў сваёй віленскай друкарні Францішак Скарына. Тут правёў апошнія зямныя дні Кастусь Каліноўскі. Тут, у Беларускай гімназіі, выкладалі Максім Гарэцкі ды Адам Станкевіч і вучылася Натальля Арсеньнева. У гэтым доме жыў Вацлаў Ластоўскі, у тым — Рыгор Шырма, а там была рэдакцыя «Нашай Нівы», якую тады рэдагаваў Янка Купала. Такіх шыльдаў можна налічыць дзясяткі два, і да кожнай ён меў беспасярэдняе дачыненьне, бо чвэрць стагодзьдзя, ад моманту заснаваньня, ачольваў Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Літве.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 727–728.

У памяці

1656 — Шыман Старавольскі, гісторык і пісьменьнік Вялікага Княства Літоўскага.

1905 — Нічыпар Мяцельскі, пэдагог, удзельнік антыбальшавіцкага руху 1920-х, вязень сталінскіх турмаў.

На допыце Мяцельскага абвінавацілі ў аднаўленьні контрарэвалюцыйнай дзейнасьці й у сувязях з былымі лістападаўцамі. Нічыпар, які, дарэчы, мог належаць да мясцовай суполкі Беларускай незалежніцкай партыі, адмовіўся называць якія-небудзь імёны. «Лепш я загіну адзін», — сказаў ён. «Загинешь, загинешь, не волнуйся, — супакоіў асабіст. — Тебя, гниду белорусскую, никто и не вспомнит».

Нічыпара схапілі, дапыталі й расстралялі за адзін вясновы красавіцкі дзень.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 218–219

1948 — Мікалай Шыла, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст.

2017 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, празаік, крытык.

Стагодзьдзе Міхася Кавыля
Стагодзьдзе Міхася Кавыля

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG