Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі расклалі ў лесе агонь — іх затрымаў АМАП


Надпіс на сьнезе ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота
Надпіс на сьнезе ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Сем жыхароў Гомля зладзілі ў лесе пікнік: на вогнішчы смажылі шашлыкі. «Гэта было глыбока ў лесе, амаль ноччу, каля 23 гадзін. Раптам прыехаў сіні бус і міліцэйская „Газэль“ і нас усіх затрымалі», — расказала Свабодзе жыхарка Гомля Сьвятлана.

«Быў суботні вечар. Сяброўка прапанавала мне далучыцца да кампаніі, якія сабраліся ў лесе, палілі вогнішча і смажылі шашлыкі. Было гэта каля 22 гадзін. Мы зь сяброўкай паехалі. Ледзьве іх знайшлі, бо гэта было глыбока ў лесе і з дарогі агню не было відаць. Пасядзелі мы хвілін сорак, ажно пад’яжджаюць два аўтамабілі — сіні бус з АМАПам і машына міліцыі. Пачаліся пытаньні да нас: „Што вы тут робіце? Пʼяце алькаголь у грамадзкім месцы? Нельга паліць агонь!“ Хіба лес — гэта грамадзкае месца? Ператрэсьлі ўсе нашы торбы, рэчы — шукалі, відаць, сымболіку, але ў нас нічога такога не было», — зазначыла жыхарка Гомля.

Іх затрымалі і павезьлі ў Савецкі РАУС Гомля. Там міліцыянты дапытвалі людзей, што яны рабілі ў лесе. Затым Сьвятлану і яшчэ адну дзяўчыну павезьлі ў наркалёгію, каб праверыць на алькаголь.

«Я не піла алькаголю, і ў мяне паказала нуль праміле. Лекар абураўся на АМАП: „Для чаго вы прывезьлі сярод ночы нам цьвярозага чалавека? Па ёй жа відаць, што яна цьвярозая“. Затым нас павезьлі назад у РАУС. Там мяне апытвалі і правялі „прафіляктычную гутарку“, каб я не парушала грамадзкага парадку. Міліцыянт паказваў сваю абазнанасьць пра мяне. Я нядаўна адбыла 15 сутак, „прыцягнутых за вушы“ — нібыта я стаяла недзе зь бел-чырвона-белым сьцягам, хоць мяне на здымку не было відаць. І міліцыянт пачаў гаварыць, што ведае пра мяне ўсё: дзе я катаюся на ровары, куды я хаджу. Пытаўся, чаму менавіта там я катаюся на ровары, чаму я была ноччу ў лесе, і казаў, каб я так не рабіла больш. У нас што — камэнданцкі час? Гэта і маразм, і цырк на дроце, і сваволя», — ахарактарызавала Сьвятлана.

Усіх затрыманых ноччу адпусьцілі з РАУС. Зь некаторымі правялі «прафіляктычныя гутаркі», іншых папярэдзілі пра «недапушчальнасьць піцьця алькаголю ў грамадзкім месцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG