Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Льва Сапегі, гадавіна стварэньня NATO


Леў Сапега

Падзеі 4 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

4 красавіка 1896 году нарадзіўся Васіль Русак, палітык, прадпрымальнік, выдавец, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., дзеяч даваеннай эміграцыі ў Літве і Чэхаславаччыне, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў

Васіль Русак, фота з архіву Сяргея Кнырэвіча.
Васіль Русак, фота з архіву Сяргея Кнырэвіча.

Увесну й улетку 1920-га ад адной да другой слуцкай вёскі езьдзілі колькі вазоў зь нейкімі нязвычнымі седакамі ды яшчэ больш дзіўным майном, якое тыя вясёлыя седакі называлі «дэкарацыямі». Гэта была драматычная дружына Слуцкага культурнаасьветнага таварыства «Папараць-кветка». У спэктаклях, што ладзіліся часам проста пад зорным вечаровым небам, на імправізаваную сцэну выходзіў артыст Базыль Карусь, які да ўсяго яшчэ і вёў рэй у беларускім хоры таварыства.

Пад псэўданімам хаваўся адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, удзельнік антыпольскага й антысавецкага нелегальнага руху Васіль Русак. Празь некалькі месяцаў ён, колішні дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, будзе абраны старшынём Беларускага зьезду Случчыны і неўзабаве стане камісарам 2-га Грозаўскага палка паўстанцаў.

Пасьля Слуцкага збройнага чыну Васіль ствараў партызанскія аддзелы на захопленай палякамі Віленшчыне, а затым з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне прыехаў вучыцца ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу.

Там, у чэскай сталіцы, ён атрымаў адукацыю, узяў шлюб з чэшкаю, напоўніцу выявіў свае шматстайныя здольнасьці. Стаўшы пасьпяховым прадпрымальнікам, Русак кіраваў Праскім Беларускім нацыянальным камітэтам, зафундаваў часопіс «Іскры Скарыны» і, працягваючы традыцыю знакамітага палачаніна, наладзіў выданьне беларускіх кнігаў.

Сваім коштам ён рыхтаваў і высылаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларусаў.

У ўмовах нацысцкай акупацыі Русак працягваў жыць з думкаю пра Беларусь. Вядомыя выдадзеныя ім у той час паводле асабістага праекту паштоўкі з Пагоняю, а таксама нямецкамоўная брашура пра Беларусь з дададзенай этнаграфічнай мапаю.

Ён кожны дзень рызыкаваў жыцьцём, хаваючы ў сябе ў Празе дзьве габрэйскія сям’і. Яшчэ некалькі сем’яў ён уратаваў, выдаўшы ім дакумэнты Беларускага нацыянальнага камітэту ў Празе аб тым, што гэтыя людзі — беларусы. Адзін зь іх, на прозьвішча Вальфсон, пазьней выдаў свайго ратавальніка агентам савецкай контравыведкі «Смерш». Кваліфікаваўшы тое, чым усё жыцьцё займаўся Васіль Русак, як «антысавецкую дзейнасьць», ваенны трыбунал вынес прысуд: дзесяць гадоў лягераў.

Там, у жудасным, задушлівым сухотным бараку, і згасла гэтае адметнае й ахвярнае жыцьцё.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 250-251.

Таксама ў гэты дзень

1500 — на шляху да Індыі партугалец Пэдру Кабрал адкрыў Бразылію, прыняўшы яе за выспу.

1794 — Паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі: у бітве пад Рацлавіцамі паўстанцы атрымалі перамогу над расейскімі войскамі.

Тадэвуш Касьцюшка, 1850
Тадэвуш Касьцюшка, 1850

1949 — Бэльгія, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбур, Нарвэгія, Партугалія і Францыя ў Вашынгтоне падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая паклала пачатак NATO.

1949 — Савет міністраў СССР выдаў пастанову аб глушэньні «антысавецкіх» радыёстанцый.

У гэты дзень нарадзіліся

1538 — Алена Глінская, ураджэнка Вялікага Княства Літоўскага, рэгентка Маскоўскага княства, жонка цара Васіля III і маці цара Івана IV (Жахлівага).

1557 — Леў Сапега, палітычны, грамадзкі і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1896 — Мікола Шчаглоў-Куліковіч, беларускі кампазытар.

1904 — Юры Кашыра, рымска-каталіцкі дзяяч, ксёндз-марыянін, мучанік, блаславёны рымска-каталіцкага касьцёлу.

1914 — Алена Мазанік, савецкая разьведчыца, непасрэдная выканаўца забойства кіраўніка нацысцкай адміністрацыі Беларусі Вільгельма Кубе.

1967 — Алег Хаменка, беларускі музыка, лідэр гурту «Палац».

Алег Хаменка
Алег Хаменка

У памяці

1968 — Марцін Лютэр Кінг, амэрыканскі грамадзкі дзеяч, змагар за правы чорнаскурых (забіты).

Марцін Лютер Кінг дае інтэрвію Радыё Свабода, 1966
Марцін Лютер Кінг дае інтэрвію Радыё Свабода, 1966

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG