Дзень у гісторыі
1996 — у Менску адбылося масавае шэсьце супраць падпісаньня Барысам Ельцыным і Аляксандрам Лукашэнкам дамовы аб стварэньні супольнасьці Расеі і Беларусі.
1997 — падпісаньне дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі і Расеі.
У гэты дзень нарадзіліся
742 — Карл Вялікі, кароль франкаў, імпэратар Рымскай імпэрыі
1805 — Ганс Хрысьціян Андэрсэн, дацкі казачнік.
1832 — Павал Баброўскі, беларускі гісторык і этнограф.
1875 — Уолтэр Пэрсі Крайсьлер, амэрыканскі прадпрымальнік, заснавальнік аўтакарпарацыі «Крайсьлер».
1885 — Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі літаратар, грамадзкі і палітычны дзяяч. Пасол Сэйму Другой Рэчы Паспалітай.
У памяці
1968 — загінуў Якуб Харэўскі (ад нараджэньня Новік), удзельнік збройнага Супраціву 1920-х у Заходняй Беларусі, адзін з кіраўнікоў антысавецкага збройнага Супраціву 1940-х
Галоўным сэнсам ягонага жыцьця ад маладых гадоў было змаганьне за вызваленьне Бацькаўшчыны. Ворагі мяняліся — бальшавікі, палякі, немцы, зноў бальшавікі, але не мянялася мэта — вольная незалежная Беларусь.
Маючы ўсяго дваццаць гадоў, Якуб далучыўся да беларускай антыпольскай партызанкі й неўзабаве ўзначаліў аддзел у Ружанскай пушчы, які ўваходзіў у склад партызанскіх войскаў БНР. Магчыма, якраз тады Якуб Новік і ўзяў сабе кансьпірацыйнае імя, сугучнае з назваю роднага мястэчка.
Побач з Харэўскім дзейнічалі беларускія аддзелы Сяргея Хмары й атамана Рудога, а таксама група вядомага савецкага чэкіста Кірылы Арлоўскага, які імкнуўся стварыць з суседзямі «агульны штаб». Перамовы завяршыліся не на карысьць чэкіста, якому загадалі не пераходзіць лінію Віленска-Берасьцейскай чыгункі.
У 1925-м, калі палякі ўзялі ягоны аддзел у атачэньне, Харэўскаму ўдалося захаваць людзей, распусьціўшы іх па хатах, а самому ўцячы ў БССР. Потым, ратуючыся ад арышту, ён мусіў перайсьці мяжу ў адваротным кірунку.
На пачатку 1939-га ў Баранавічах адбылася падпольная канфэрэнцыя былых сяброў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Багаты партызанскі досьвед атамана Харэўскага аказаўся зноў запатрабаваны. Ён атрымаў заданьне рыхтаваць на Палесьсі на выпадак нямецка-польскай вайны антыпольскае паўстаньне. У жніўні сілы Харэўскага ўжо складалі пяць тысяч чалавек, але заплянаваны на 18 верасьня штурм Пінску атаман мусіў адмяніць, бо пачаўся «вызвольны» паход Чырвонай Арміі.
У 1942-м ён робіцца адным з кіраўнікоў беларускай народнай партызанкі й вядзе рэй у яе «Лаве атаманаў».
Падчас адыходу немцаў ягоны аддзел імя Нябабы захоплівае ў Любяшове, на беларуска-ўкраінскім памежжы, цэлы нямецкі арсэнал. Ваюючы да канца саракавых з бальшавікамі на Берасьцейшчыне і Піншчыне, «нябабаўцы» Харэўскага даходзілі да Косава, Століна і Каменю-Кашырскага. Пазьней беларускаму атаману ўдаецца пераправіць сваіх людзей у Польшчу, адтуль у Заходнюю Нямеччыну і, нарэшце, у Бразылію. Там Харэўскі кіруе Беларускай вэтэранскай арганізацыяй і працуе над дакумэнтальнай кнігаю пра злачынствы бальшавікоў і палякаў супроць нашага народу.
У 1967-м газэта «Беларускі Голас», якую выдаваў у Таронта былы паплечнік Сяргей Хмара, зьмяшчае артыкул, дзе Харэўскі-Новік згадваецца як герой, палеглы ў баях за Беларусь. «Нябожчык» не вытрымлівае й друкуе ў адказ ліст, што чуткі пра ягоную сьмерць крыху перабольшаныя.
Ён яшчэ ня ведае: газэта памылілася ўсяго на некалькі месяцаў. Увесну 1968-га Харэўскі з ад’ютантам гінуць у аўтакатастрофе. Такі мэтад расправы шырока выкарыстоўвалі савецкія спэцслужбы. Ёсьць падставы лічыць, што ў гэтым выпадку зь імі супрацоўнічалі «польскія таварышы».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020
1995 — Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі.
2005 — Ян Павал II, папа Рымскі.
2009 — Раіса Жук-Грышкевіч, дзяячка беларускай дыяспары ў Канадзе, сябра Рады БНР, рэдактарка выданьня «Камунікаты».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com