Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелі дапамагчы людзям, якіх затрымлівалі несправядліва». Сёстрам Міронцавым прысудзілі 2 і 2,5 года калёніі


У Савецкім раённым судзе Менску абвясьцілі прысуд Анастасіі і Вікторыі Міронцавым, якіх вінавацілі адразу паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку ў нападзе на супрацоўнікаў міліцыі.

Анастасію пакаралі двума гадамі няволі ў калёніі агульнага рэжыму, яе родную сястру Вікторыю — двума з паловай.

Суд задаволіў пазоў аднаго з пацярпелых да сёстраў Міронцавым на 2 тысячы рублёў. Гэтыя грошы яму ўжо пералічылі.

Падзеі, якія разглядаў судзьдзя Аляксандар Воўк, адбыліся 10 і 11 жніўня ў Менску. Міронцавы віну прызнавалі часткова. Яны пацьвярджалі, што «станавіліся ў счэпку» ды адцягвалі супрацоўнікаў АМАПу ад тых, каго тыя затрымлівалі, але не пагадзіліся, што «спрабавалі ажыцьцявіць захоп» частак цела амапаўцаў, а тым больш што на іх нападалі. Свае дзеяньні сёстры Міронцавы тлумачылі жаданьнем дапамагчы людзям, якіх, як яны палічылі, затрымлівалі несправядліва.

Пацярпелымі ў справе прызналі 5 амапаўцаў, якія прыходзілі ў суд у чорных балаклавах. Ніводзін зь іх не пацьвердзіў атрыманьня ад дзеяньняў Міронцавых траўмаў ці хаця б драпін. Ва ўсіх нават не была пашкоджаная форма.

Пацярпелы, які назваўся Цімафеевым, заявіў, што над ім «ніякіх гвалтоўных дзеяньняў падсудныя не рабілі». Ягоны калега Васільеў, які падчас сутычкі паваліўся ад «нейкага рыўка», ня змог даказаць, што ў гэтым была вінаватая адна з падсудных.

Толькі пацярпелы амапавец Кузьняцоў дакладна вызначыў час, цягам якога яго «схапілі за локаць» — усяго адна сэкунда. Пэўна пацярпелыя казалі толькі пра тое, што адчувалі «фізычны боль», але прызнавалі, што ён хутка прайшоў.

Абарона Анастасіі і Вікторыі Міронцавых настойвала на іх апраўданьні. Максымальная ацэнка, якую заслугоўваюць дзеяньні падсудных сясьцёр падчас падзей 10 і 11 жніўня, паводле адвакатаў, палягае ў межах Адміністрацыйнага, але ніяк не Крымінальнага кодэксу.

У апошнім слове сёстры Міронцавы прасілі не пазбаўляць іх волі.

Ды покі будзе сэрца біцца
Яно ня зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю
.

Гэтыя радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа прачытала Вікторыя Міронцава ў апошнім слове. Падсудная паўтарыла, што 10 жніўня яны зь сястрой не хацелі наносіць ніякай шкоды АМАПу. «Мы хацелі дапамагчы людзям».

Лукерʼя Міронцава
Лукерʼя Міронцава

Маці сясьцёр, Лукерʼя Міронцава, абураная прысудам.

«Гэта ня суд, а судзілішча. Навесілі на іх артыкулаў ні за што, зламалі жыцьцё дзяўчатам», — сказала яна.

Калі Міронцавых выводзілі з залі, сяброўкі крычалі ім «Вы героі».

Анастасіі Міронцавай 24 гады, Вікторыі Міронцавай — 26 гадоў. Яны зьбіраюцца абскардзіць прысуд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG