Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Дзень Волі павіталася з адміністрацыяй па-беларуску». Студэнтку, якая пагаліла галаву ў знак салідарнасьці, трымалі 3 дні пад вартай


Аляксандра Бука
Аляксандра Бука

29 сакавіка студэнтку філфаку Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алесю Буку вызвалілі з-пад варты, але папярэдзілі, што яна застаецца падазраванай у крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады. Пра гэта паведаміла маці студэнткі Юлія Бука, прадпрымальніца, якая займаецца агратурызмам у Глыбоцкім раёне. Алесю затрымалі 26 сакавіка ў другой палове дня.

«Толькі што Алеся пазваніла, што ўжо ў інтэрнаце. Ёй не вярнулі тэлефона і кампутара, сказалі, што застаецца падазраванай, але абвінавачаньня яшчэ не выставілі. Абяцала зьвязацца з намі пазьней», — распавяла Юлія Бука.

Алесю Буку затрымалі 26 сакавіка ў інтэрнаце. Маці яе ведае, што пасьля абеду ў пакоі інтэрнату, дзе жыве Алеся, прыйшоў ператрус, забралі «кампутар, тэлефон, флэшку сяброўкі». З таго часу, амаль тры дні, Алесю Буку трымалі ў ізалятары пры Полацкім РАУС, спачатку адмаўляючы ёй у прадуктовых перадачах. У нядзелю ўсё ж да дзяўчыны дапусьцілі адваката.

«Справа заведзеная паводле 369-га артыкулу — за абразу службовай асобы. Але асабіста я ня веру, што Алеся некага абразіла, бо яна даволі асьцярожны і разважлівы чалавек. Іншая рэч, што магло камусьці не спадабацца, як яна незалежна сябе трымае. Ведаю ад яе, што ў чацьвер, на Дзень Волі, ва ўнівэрсытэце яна сустрэлася ў калідоры з кіраўніцтвам адміністрацыі ўнівэрсытэту і павіталася па-беларуску. Расказвала, што ў адказ на яе „Добры дзень“ тыя нічога не сказалі, проста прамаўчалі. Але яна была ў чырвонай кофце з сымболікай, і галава ўжо паголеная. Можа, гэта завецца абразай, ня ведаю», — расказала маці Алесі Юлія Бука.

У сакавіку Алеся Бука і яшчэ трое студэнтаў ПДУ на знак салідарнасьці з палітвязьнямі пагалілі галовы.

У кастрычніку 2020 году Алеся Бука брала ўдзел у відэазвароце супраць гвалту, які запісалі шасьцёра студэнтаў унівэрсытэту. Адзін са студэнтаў, паводле Юліі Букі, ужо зьехаў ва Ўкраіну, асьцерагаючыся перасьледу. Алеся Бука ўвосень адбыла «суткі» за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а пазьней атрымала ў судзе папярэджаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG