Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне ўспыхнула крыўда». Пачаўся суд над гарадзенцам, які падпаліў дзьверы аддзелу міліцыі


Стоп-кадар зь відэа МУС

Справу гарадзенца Аляксандра Красьніцкага пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну 29 сакавіка.

Аляксандру Красьніцкаму 41 год. Апошнім часам працаваў у Расеі, адукацыю мае сярэднюю спэцыяльную. Разьведзены, адзін выхоўвае 14-гадовага сына. Цяпер хлопец жыве з бабуляй. У 2018 годзе Красьніцкага асудзілі за гвалт або пагрозу гвалту над міліцыянтам на 1,5 года «хатняй хіміі». Цяпер яго вінавацяць ва ўхіленьні ад адбываньня пакараньня (артыкул 415 КК) і ў хуліганстве (артыкул 339 КК).

Яго паўторна затрымалі летась 3 лістапада.

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Красьніцкі на «хатняй хіміі» меўся прытрымлівацца адпаведнага рэжыму, рэгулярна адзначацца ў міліцыі, знайсьці працу, не выяжджаць за межы гораду без дазволу, не наведваць масавых мерапрыемстваў. Аднак ён неаднаразова парушаў гэтыя правілы: пэрыядычна не зьяўляўся, каб адзначыцца ў міліцыі, не прыходзіў на працу або бываў на працы п’яным, выяжджаў за горад без дазволу.

Летась 3 лістапада ён, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, абліў гаручай сумесьсю дзьверы апорнага пункту міліцыі Ленінскага раёну Горадні і падпаліў. У выніку дзьвярам нанесена шкода на 83 рублі 17 капеек.

Красьніцкі прызнаў цалкам сваю віну наконт падпалу, але аспрэчваў некаторыя эпізоды ўхіленьня ад адбываньня пакараньня.

Ён патлумачыў, што парушаў рэжым «хатняй хіміі» з важных прычын:

  • заснуў і не прыйшоў адзначыцца;
  • пашкодзіў руку, але не атрымаў бальнічны, таму не прыйшоў на працу;
  • выпіў алькаголь на Вялікдзень;
  • зьехаў на заробкі ў Расею, каб утрымліваць сына, і папярэдзіў пра гэта свайго інспэктара.

Наконт падпалу Красьніцкі расказаў, што выйшаў на шпацыр 3 лістапада. Убачыў, як чалавек запраўляе аўтамабіль, і папрасіў яго прадаць яму крыху паліва.

«У мяне ўспыхнула крыўда, што мяне несправядліва асудзілі паводле артыкулу 364. Хацеў „нагадзіць“ на дзьверы апорнага пункта, проста запэцкаць іх», — расказаў ён.

Мужчына за 1 рубель прадаў яму паўбутэлькі паліва, бутэльку таксама даў сваю.

Як патлумачыў Красьніцкі, ён часта хадзіў займацца спортам на сьвежым паветры міма гэтага апорнага пункту. Ён ніколі ня бачыў, каб дзьверы былі адчыненыя або каб адтуль выходзілі людзі. Дзьверы заўжды былі закрытыя ралетамі. Ён ня думаў, што моцна нашкодзіць памяшканьню, бо ведаў, што ад такой колькасьці паліва дзьверы не загарацца, толькі могуць пацямнець.

На падыходзе да пункту ён закрыў твар шалікам. Абліў дзьверы, падпаліў і пайшоў. Калі адыходзіў, то азірнуўся і ўбачыў, што «ўжо гасьне».

«Запалкі ў мяне заўжды з сабой, хоць я не куру. Я люблю мэдытацыю, распалю вогнішча, пасяджу, падумаю», — расказаў фігурант, адкуль у яго запалкі.

Ён дадаў, што асэнсаваў, што выказваць так сваю крыўду неразумна.

У судзе абвясьцілі перапынак, далей дапытаюць сьведку ў справе.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG