Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за сто працэсаў, да 30 дзён арышту. Суды і выракі 29 сакавіка

абноўлена

Судзьдзя Аляксандар Рудэнка выносіць чарговы прысуд

29 сакавіка выносілі прысуды затрыманым у пятніцу і выходныя дні. Паводле праваабаронцаў, пакаралі 118 чалавек. Таксама працягваліся крымінальныя суды над затрыманымі раней пратэстоўцамі.

Адміністрацыйныя выракі

29 сакавіка выносілі прысуды затрыманым у пятніцу і выходныя дні. Праваабаронцы «Вясны» вядуць сьпіс асуджаных — у ім ужо больш за паўсотні чалавек. «Вясьне» вядома пра 247 затрыманых у суботу, 27 сакавіка. Адзінкавыя затрыманьні адбываліся таксама ў пятніцу і нядзелю. Выракі — ад штрафаў да 30 сутак.

На якія прысуды зьвярнулі ўвагу назіральнікі «Вясны»:

Павал Целеш — затрыманы ля турнікетаў станцыі мэтро «Ўсход»: двое ў цывільным скруцілі яму рукі, павалілі на падлогу, зламалі слухаўкі, пасьля перадалі АМАПу. Прычына — бел-чырвона-белыя налепкі на слухаўках і заплечніку. У пратаколе напісалі, што пікетаваў у мэтро «з дапамогай бел-чырвона-белых налепак», «адмовіўся прайсьці ў службовы аўтамабіль, упіраўся і спрабаваў уцячы», і асудзілі на 20 сутак арышту па 2 артыкулах. // «Вясна назірае».

Дзьмітры Пятроўскі — 47-гадовы мянчук, якога затрымалі, калі 27 сакавіка ў сувязі са 103-й гадавінай БНР паспрабаваў ускласьці да помніка Якубу Коласу кветкі: цёмна-чырвоную і дзьве жоўтыя ружы. Яго асудзілі па 2 артыкулах: па арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. // «Вясна назірае».

Андрэй Шаўчэнка — супрацоўнік шпіталя МУС. Яго затрымалі 27 сакавіка ў спальным раёне каля мэтро «Кавальская Слабада». Асудзілі на 15 сутак за непадпарадкаваньне, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Анастасія Сергіеня ў судзе Партызанскага раёну прасіла паказаць відэа, якое, як яна лічыць, даказвае ейную невінаватасьць. Судзьдзя сказаў, што гэта зацягне працэс. Вырак — 15 сутак.

Анастасія Пятрова — артыстка аркестру Опэрнага тэатру. Яна сказала, што 27 сакавіка ў 14:10 у яе скончыўся спэктакль, і яны зь сяброўкай пайшлі ў піцэрыю. А ў 15:30 на выхадзе зь піцэрыі іх затрымалі. У пратаколе напісалі, што яна крычала «Жыве Беларусь». Вырак — 15 сутак. // «Вясна назірае».

Браты Сяргей і Іван Брусавы ўзялі ўдзел у «арганізаваным руху групы грамадзян у колькасьці двух чалавек». Так напісана ў пратаколе. 27 сакавіка яны ішлі дадому праспэктам Незалежнасьці. Міма праяжджала вайсковая тэхніка, якую яны вырашылі сфатаграфаваць. Іх затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньні. Браты прасілі судзьдзю Максіма Трусевіча не караць іх арыштам, бо дома маці, якая нядаўна перанесла інсульт. Вырак — 30 сутак кожнаму. // «Вясна назірае»

Крымінальныя выракі

У Бабруйску на 13 месяцаў асудзілі мясцовага жыхара за абразу Лукашэнкі. Паводле абвінавачаньня, 16 жніўня ён нападпітку пазваніў на спэцыяльную лінію МУС і ў «прыніжальнай і абразьлівай форме выказаўся на адрас кіраўніка дзяржавы», паведаміў Интерфакс-Запад.

У Заводзкім раёне Менску на 3 гады «хіміі» асудзілі грамадзяніна К. за тое, што ён з 9 да 16 жніўня выходзіў на праезную частку, у тым ліку ў «счэпцы» зь іншымі людзьмі, і перакрываў рух транспарту, паведаміла Генпракуратура.

Жыхара Ваўкавыску Аляксандра Патаповіча асудзілі на 2,5 года «хіміі»: яго абвінавацілі ў тым, што 9 жніўня ён паспрабаваў наехаць аўтамабілем на 2 супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі, каб перашкодзіць іх працы падчас несанкцыянаванай акцыі, а таксама «каб адпомсьціць». Патаповіч сваёй віны ў наезьдзе на міліцыянтаў не прызнаў і на судзе казаў, што ніякіх прычын для помсты міліцыі ня мае, а ад палітыкі ўвогуле далёкі. У паказаньнях сьведак на судзе было шмат супярэчнасьцяў. // «Вясна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG