Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Вялікай Брытаніі адказала, наколькі эфэктыўныя санкцыі за гвалт у Беларусі


Амбасадарка Жаклін Пэркінс
Амбасадарка Жаклін Пэркінс

Вялікая Брытанія адной зь першых увяла санкцыі ў адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі. Сяброўства краіны ў Эўразьвязе завяршылася ў сьнежні 2020 году, таму ўсе ранейшыя абавязаньні аўтаматычна перанесьліся ў юрысдыкцыю Лёндану.

Пра гэта ў інтэрвію парталу Tut.by расказала брытанская амбасадарка ў Беларусі Жаклін Пэркінс.

«Санкцыі — гэта не чароўная палачка, якая вырашае ўсе праблемы. Яны толькі адзін з элемэнтаў контрадзеяньняў у адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі. Іх трэба разглядаць у комплексе зь іншымі захадамі. Такімі, як Маскоўскі мэханізм у рамках АБСЭ; заявы, якія робяць нашы міністры і іншыя публічныя фігуры; вядома ж, непублічная дыпляматыя, якая праходзіць за кулісамі. Ніводная з гэтых мер не працуе паасобку, але спрацоўвае ў комплексе», — сказала амбасадарка.

А ці ёсьць у міжнароднай супольнасьці інструмэнт рэальнага ўплыву на беларускія ўлады і варыянт вырашэньня крызісу? — спыталі ў амбасадаркі. Бо пакуль што афіцыйны Менск усе міратворчыя прапановы папросту ігнаруе, як, зрэшты, і санкцыйныя пагрозы.

«Каб такі гатовы мэтад уплыву на ўрад Беларусі быў, яго ўжо задзейнічалі б, — адказала Жаклін Пэркінс. — Вядома, рашэньне будучыні Беларусі — гэта ўнутраная справа саміх беларусаў. Таму заявы пра тое, што Захад умешваецца ў справы краіны, ня ёсьць праўдзівымі, нашы Ўзброеныя сілы не зьбіраюцца ля вашых межаў, каб увесьці сюды войскі. Нашы асноўныя прылады працы — ціхая дыпляматыя, аказаньне ўплыву і падтрымка дэмакратычных памкненьняў людзей».

Паводле Жаклін Пэркінс, гэта таксама ўключае ў сябе працу дзеля падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя. Па яе словах, свабода СМІ — найвялікшы прыярытэт для ўраду Вялікай Брытаніі. У яе краіне ўражаныя адвагай беларускіх журналістаў, якія працягваюць працу ў надзвычай складаных умовах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG