Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Антона Луцкевіча


Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

Падзеі 23 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзеі 23 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

23 сакавіка 1942 году памёр Антон Луцкевіч, беларускі палітычны дзяяч, публіцыст і навуковец. Антон Луцкевіч быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР, аўтарам Трэцяй устаўной граматы і прэмʼер-міністрам БНР.​

Разам з братам Іванам ён вярнуў беларусам статус народу дзяржаўнага.

Галоўны ідэоляг нашай першай палітычнай партыі — Грамады. Адзін з ініцыятараў першай легальнай беларускай газэты «Наша Доля». Заснавальнік (супольна з братам-аднадумцам) легенды нацыянальнага друку — «Нашай Нівы». Аўтар канцэпцыі Злучаных Штатаў ад Балтыкі да Чорнага мора.

Напярэдадні паседжаньня Рады БНР, што адбылося ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, якраз Антон Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР, а неўзабаве ўзначаліў яе ўрад. Ён жа быў аўтарам гістарычнай Трэцяй Устаўной Граматы.

Выключныя заслугі належаць Луцкевічу і ў ягоных іпастасях гісторыка і літаратара, найталенавіцейшага публіцыста Заходняй Беларусі, які паводле назову радавога шляхецкага гербу ўзяў сабе псэўданім Антон Навіна. Ён як рыба ў вадзе пачуваўся ў тэкстах Скарыны і працягваў ягоную справу, перакладаючы біблійныя кнігі ўжо на сучасную беларускую мову.

Луцкевіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, але яго, аўтара бліскучых дасьледаваньняў, польскія цэрбэры ад адукацыі пазбавілі права выкладаць родную літаратуру «як недастаткова кваліфікаванага».

У верасьні 1939-га ў Беларускай гімназіі адбывалася ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі «на векі вякоў». Луцкевіч спрабаваў шукаць кампрамісу з бальшавікамі. Яго выступ пра новыя беларускія далягляды паблажліва слухаў кіраўнік савецкай адміністрацыі Іван Клімаў. Ён ня ведаў, што Масква перадасьць Вільню Літве, але бачыў сьпіс на арышты віленскіх беларускіх дзеячоў.

У сувэрэннай Беларусі, якой без Антона Луцкевіча й паплечнікаў магло б ня быць, ягонае iмя амаль ніяк не ўшанаванае. Адно, што дазволіла ўлада, — усталяваць да 100-годзьдзя БНР мэмарыяльны камень на месцы колішняга менскага дому Луцкевічаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 204–205.

Таксама ў гэты дзень

1933 — Адольф Гітлер атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы ад Рэйхстагу Нямеччыны.

1991 — у Менску пачаўся II зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

2006 — удзельнікі намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалі зьбіраць подпісы за перавыбары. Лягер узьнік пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году.

2007 — у Самалі быў зьбіты самалёт «Іл-76» беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт». На борце самалёта было 11 грамадзян Беларусі, усе яны загінулі.

У гэты дзень нарадзіліся

1865 — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), паэт, пісьменьнік, зьбіральнік беларускага фальклёру.

1906 — Ісак Любан, беларускі кампазытар, аўтар музыкі да песьні «Бывайце здаровы».

1910 — Акіра Курасава, японскі кінарэжысэр, прадусар і сцэнарыст

1948 — Генадзь Пашкоў, беларускі літаратар і перакладчык.

У памяці

1978 — памёр Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор. У 1927–1936 гадах быў сакратаром Таварыства беларускай школы.

...Дзеля бліжэйшага азнаямленьня з савецкай уладаю Рыгор Раманавіч мусіў пасядзець у 1941-м на Лубянцы, адкуль пашчасьціла выйсьці пасьля хадайніцтва Якуба Коласа перад першым сакратаром ЦК КПБ П. Панамарэнкам.

Пазьней Шырма не цярпеў яўнага перасьледу. Наадварот, улада імкнулася ўсяляк аблашчыць маэстра. Ён кіраваў Саюзам кампазытараў рэспублікі, атрымаў званьні народнага артыста СССР і Героя Сацыялістычнай Працы.

Але блізкія да Рыгора Раманавіча людзі сьведчаць, што і на схіле дзён ён заставаўся верны ідэалам маладосьці.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 320.

2016 — ад анкалёгіі памерла Ганна Вольская, прадусарка гурту «Крамбамбуля» і жонка Лявона Вольскага.

Ганна Вольская
Ганна Вольская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG