Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне запала ў душу: паказаць азадак мянтам». Ігар Банцэр пра акцыю, за якую атрымаў паўтара года «хіміі»


Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Лідэр беларускага стрыт-панк-гурту Mister X Ігар Банцэр, асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі за танец у стрынгах перад міліцыяй, часова вярнуўся дадому: ён выходзіць з сухой галадоўкі, якую трымаў у СІЗА 16 дзён.

Затым яго адправяць у месца адбыцьця пакараньня — гэта будзе папраўчая ўстанова адкрытага тыпу (так званая «хімія»).

У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Банцэр расказаў, як яму ўдалося так доўга пратрымаць галадоўку і чаму ён пратэставаў супраць Лукашэнкі пры дапамозе танца без штаноў:

— Скажыце, калі ласка, вы паказаліся лекарам пасьля галадоўкі? Як вы зь яе выходзіце?

— На жаль, я сябе пераацаніў. У пятніцу мяне выпусьцілі, а ў суботу мне давялося выклікаць хуткую. Так, мяне забралі ў бальніцу, таму што стан быў вельмі слабы. Нават цяпер, калі я з вамі размаўляю, у мяне паніжаны ціск, слабасьць, дрыжыкі нейкія. Мяне забралі ў бальніцу. Мая хуткая стаяла другая ў чарзе, там унутры шмат людзей. Зараз каранавірус у Беларусі, таму, калі мне правялі комплекснае абсьледаваньне — я здаў мачу, кроў, УГД, упершыню ў жыцьці зонд глытаў — я сказаў, што не хачу заставацца з аслабленым арганізмам у бальніцы, каб не захварэць больш сур’ёзна, і лекары моцна не настойвалі, адпусьцілі мяне дадому.

Цяпер я дома, спрабую выходзіць з галадоўкі, але вельмі цяжка. Пакуль я дома, да мяне прыяжджае маміна знаёмая праз кожныя два дні, кантралюе, зьвязваецца з жонкай праз тэлефон. Прынамсі, я дома, гэта вельмі падтрымлівае маральна, але фізычна, безумоўна, вельмі цяжка.

— Лекары кажуць, што пры сухой галадоўцы можна жыць ня больш за 10 дзён, а вы пратрымаліся больш за два тыдні. Як ваш арганізм рэагаваў на такую форму пратэсту?

— Наконт сухой галадоўкі я згодны, што гэта вельмі дзіўная сытуацыя. Але, зноў жа, гэта ўсё строга індывідуальна, я не перастаю гэта паўтараць. У турме я перасякаўся з чалавекам, які пацьвердзіў мне, што адзін зь вядомых пэрсанажаў беларускага палітычнага жыцьця ў 90-я, Ігнатовіч, — вельмі неадназначны пэрсанаж — трымаў сухую галадоўку 35 дзён, потым памёр. Зноў жа, з кропельніцамі і гэтак далей.

Я галадаў ня ў першы раз, гэта трэба падкрэсьліць, я ўжо падрыхтаваны. Сухое галаданьне ў мяне было ў 2012 годзе першы раз, тады я вытрымаў 10 дзён сухую галадоўку. Гэта быў, зноў жа, палітычна матываваны арышт — адміністрацыйная справа за пікет. Дзесяць дзён — я сам зьдзівіўся тады.

Цяпер я галадаў у жніўні, калі мяне другі раз затрымалі, 22 жніўня. Я таксама галадаў з вадкасьцямі 10 дзён. Мой арганізм падрыхтаваны: я не ўжываю алькаголь, наркотыкі, не куру, займаюся спортам, вяду здаровы лад жыцьця. Увесь мінулы год я рыхтаваўся да таго, што будуць сурʼёзныя падзеі ў Беларусі. Супраць мяне правакацыі пачыналіся яшчэ ў траўні. Я цалкам настройваў свой арганізм на тое, што давядзецца альбо ўцякаць, альбо ісьці ў турму. Я не разглядаў варыянт, што я пакіну краіну. Таму мой арганізм быў падрыхтаваны.

Але скажу шчыра, што я сам не чакаў, што гэтая галадоўка зацягнецца, я думаў, што мяне выпусьцяць раней. Апошнія некалькі дзён — тры-чатыры дні — было вельмі цяжка. Калі ў шэсьць раніцы пад'ём у камэры, да дзесяці — адбой, я проста тупа сядзеў. Я сядзеў 16 гадзін, максымальна эканоміў энэргію, ня рухаўся, адказваў на лісты — гэта значыць, абсалютна 16 гадзін займаў сядзячую пазыцыю. І кожны раз чакаў, калі мяне сьсячэ, калі страчу прытомнасьць. Было вельмі цяжка. Калі я падымаўся, даводзілася трымацца за нары.

Я кансультаваўся зь лекарамі, асноўная праблема [будзе], калі далей пачнецца рэакцыя арганізму. Мяне непакояць унутраныя органы, не магу запусьціць страўнік. І якія яшчэ будуць наступствы — гэта абсалютна немагчыма спрагназаваць.

— Як вы лічыце, ваша галадоўка памяняла стаўленьне супрацоўнікаў СІЗА, калі вы знаходзіліся пад вартай, і зьмяніла ў канчатковым выніку прысуд — паўтара года «хіміі»?

— Наконт супрацоўнікаў СІЗА адразу падкрэсьлю — яны простыя выканаўцы. Там не было жорсткага ціску на мяне, улічваючы, што ў мяне пазыцыя ідэалягічная, у мяне «левыя» погляды. Я адразу сказаў, што я быў гатовы ісьці ў турму, а не ўцякаць з краіны, таму што я нічога супрацьзаконнага не раблю, я патрабаваў толькі, каб у нас усё было ў рамках закону, каб законы працавалі. Што тычыцца самой галадоўкі, то я ад самага пачатку сваёй справы казаў, што гэта ўсё інсьпіравана КДБ, гэта пад кантролем і з падачы КДБ адбываецца. У Беларусі, як мы цяпер усе бачым, сытуацыя дынамічная, яна зьмяняецца літаральна з дня на дзень. Відавочна, што рашэньне не выпускаць мяне, даць мне галадаць, зрабіць яшчэ нейкія дзеяньні супраць мяне — гэта прымалася ў бягучы момант, у цяперашні час. Безумоўна, калі яны чакалі, супраць мяне былі правакацыі, сказалі, каб я зьняўся з галадоўкі. Я гэта казаў усім супрацоўнікам ад самага пачатку — і начальніку турмы, і начальніку мэдчасткі, і кожнаму адказнаму супрацоўніку — што я галадоўку давяду да канца, чаго б мне гэта ні каштавала. Мяне палохалі наступствамі.

— Растлумачце, што азначаў ваш пэрформанс перад міліцыяй?

— Я не патрабую разуменьня, таму што гэта была занадта радыкальная акцыя сучаснага мастацтва і незразумелая большасьці нашых людзей. Я гэта прызнаў на судзе, што гэта нейкія падзеі, якія ў Англіі, у Амэрыцы, у Заходняй Эўропе цяпер не выклікаюць такога ўсплёску бурных эмоцый у нейкай прасунутай часткі грамадзтва. У нас жа грамадзтва кансэрватыўнае. І паказаць азадак міліцыянту — гэты пэрформанс выклікаў такую рэакцыю, якую выклікаў. Зноў жа, я быў падрыхтаваны, я быў у стрынгах. Як казалі, што я махаў палавымі органамі — гэта няпраўда, я быў у стрынгах, я ня быў аголены.

У нашай краіне калі людзі мірна выходзілі на вуліцы, мірна пратэставалі абсалютна бязь нейкіх радыкальных акцый, яны патрабавалі толькі аднаго: дыялёгу з уладай, каб законы працавалі. А замест гэтага выводзілі міліцыю, АМАП, людзей білі. Людзям даводзілася разьбягацца, уцякаць. У адным з дыялёгаў, калі я выйшаў паміж другой і трэцяй пасадкай у жніўні, мой сябар сказаў: «Мы прыходзім, і даводзіцца паказваць дупы. Але калі цябе бʼюць — ты ж уцякаеш, гэта ж нармальны інстынкт самазахаваньня». І мне гэта ў душу запала: паказаць азадак мянтам. Я гэта пераасэнсаваў, гэта абсалютна постмадэрнова, занадта абсурдысцка, вельмі радыкальна, я не спрачаюся. Але я ў такім ключы: не ўцякаць ад міліцыі, а паказаць азадак мянтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG