Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве аблілі фарбай офіс прэзыдэнта. Зяленскі «ня бачыць сэнсу перашкаджаць пратэстам»


Удзельнікі акцыі патрабавалі вызваленьня адэскага актывіста.

Паліцыя Ўкраіны адкрыла крымінальную справу ў сувязі з акцыяй пратэсту ля будынка Офісу прэзыдэнта ў Кіеве ўвечары ў суботу.

Каля будынку сабраліся сотні прыхільнікаў нядаўна асуджанага да пазбаўленьня волі адэскага актывіста Сяргея Стэрненкі. Яны патрабавалі яго вызваленьня. Удзельнікі пратэсту нанесьлі на фасад будынку розныя надпісы і графіці, у тым ліку абразы на адрас уладаў і паліцыі, фасад аблілі фарбай, у будынку разьбілі шкло, яго спрабавалі падпаліць. Паліцыя практычна ня ўмешвалася, быў затрыманы толькі адзін чалавек.

У МУС і Офісе прэзыдэнта Ўкраіны асудзілі дзеяньні ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Антон Герашчанка назваў іх правакацыяй з мэтай прымусіць паліцыю ўмяшацца і праліць кроў — чаго не адбылося. Па словах Герашчанкі, дзясяткі людзей будуць прыцягнутыя да адказнасьці.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Михаіл Падаляк сказаў, што прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ня бачыць сэнсу перашкаджаць пратэстам, а таксама паабяцаў, што наступствы вандалізму неўзабаве ліквідуюць.

Дзеяньні мітынгоўцаў паліцыя кваліфікавала як хуліганства — паведамляе «Украінская праўда». Папярэдні ўрон будынку ацанілі ў 2 мільёны грыўняў (прыблізна 190 тысячаў беларускіх рублёў).

  • У лютым суд у Адэсе прызнаў Сяргея Стэрненку, былога лідэра мясцовай філіі арганізацыі «Правы сэктар» вінаватым у справе аб выкраданьні чалавека і катаваньнях. Па вынесеным прысудзе ён павінен правесьці ў калёніі 7 гадоў і 3 месяцы.
  • Стэрненку абвінавацілі ў тым, што ў 2015 годзе ён разам з паплечнікамі выкраў дэпутата мясцовага савету Сяргея Шчэрбіча, патрабуючы за яго вызваленьне выкуп. Стэрненка катэгарычна адмаўляе сваю віну і лічыць сябе ахвярай палітычнай расправы.
  • Сяргей Стэрненка быў адным з лідэраў Эўромайдану ў Адэсе, удзельнічаў у кіеўскім Майдане ў 2014 годзе, пасьля гэтага ўзначаліў філію «Правага сэктару» у Адэсе.
  • У 2018 годзе на яго былі ўчыненыя тры замахі, падчас аднаго зь іх ад нажавых раненьняў загінуў нападнік. Стэрненко сьцьвярджае, што толькі абараняўся. Паліцыя расьсьледуе гібель нападніка як наўмыснае забойства.
  • У лютым прыхільнікі Стэрненкі ўжо спрабавалі прарвацца да Офісу прэзыдэнта, тады паліцыя перакрыла ім шлях, у сутыкненьнях былі пацярпелыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG