Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Кастуся Каліноўскага


Кастусь Каліноўскі

Падзеі 22 сакавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

22 сакавіка 1864 году на віленскім Лукіскім пляцы расейскія ўлады пакаралі сьмерцю на шыбеніцы Кастуся Каліноўскага, палітыка, публіцыста, лідэра паўстаньня 1863-1864 году.

Ягоны апошні дзень нараджэньня.

Віленскія Сьвятаянскія муры, дзе ён, хаваючыся ад жандараў, жыве пад імем Ігната Вітажэнца. За марознымі вокнамі крывава барвянее зара-вечарніца. Там, на захадзе, дагарае паўстаньне. Там ляснымі дарогамі адыходзяць у Польшчу апошнія змагары.

Магчыма, ён думае, што свабода стане бліжэйшай усяго на вышыню паўстанцкіх магілаў. Магчыма, чакае Марыську чарнаброву, сваю галубку — нарачоную Марыю Ямант. Магчыма, ён скажа ёй, што дасягнуць мэты можна, толькі ахвяруючы ўсяго сябе.

Магчыма, у той самы час былы паўстанцкі камісар Магілеўскай губэрні Вітаўт Парфіяновіч называе на допыце адрас у Сьвятаянскіх мурах і выдае пароль: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!»

Да арышту застаецца некалькі дзён, да эшафоту на Лукіскім пляцы і неўміручасьці — некалькі тыдняў.

Апошнім часам у беларускай прэсе зьяўляюцца артыкулы, дзе Каліноўскага, кіраўніка паўстаньня 1863 году ў Літве-Беларусі й прыхільніка самавызначэньня народаў былой Рэчы Паспалітай, спрабуюць абвясьціць «палякам» (самі палякі з паўстанцкага Варшаўскага жонду, дарэчы, называлі яго «сэпаратыстам»), які дзеля палітычных мэтаў проста вёў гульню зь мясцовымі «мужыкамі» (ажно да таго, што выдаваў на іх мове нелегальную газэту).

Найлепшы адказ такім «гісторыкам» — ягоныя перадсьмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Яны зьвернутыя да беларусаў. Яны напісаныя па-беларуску. Яны прысьвечаныя будучыні Беларусі. Яны ня страцілі сваёй актуальнасьці і ў XXI стагодзьдзі.

Містэрыя пахаваньня парэшткаў нашага першага нацыянальнага палітыка-незалежніка (чытайце выдадзенае ў Бібліятэцы Свабоды бліскучае эсэ Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»), а таксама ягоных паплечнікаў, якое пры ўдзеле тысяч беларусаў з морам бел-чырвона-белых сьцягоў адбылося ў Вільні 22 лістапада 2019 году, сталася гістарычным днём, што ўвойдзе ў падручнікі і энцыкляпэдыі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 72-73.

Таксама ў гэты дзень

1895 — першы, прыватны, паказ кінафільму братамі Люм’ер.

Агюст і Люі Люм'ер
Агюст і Люі Люм'ер

1943 — нацысты спалілі разам з жыхарамі беларускую вёску Хатынь.

Хатынь, помнік ахвяраў нацысцкага тэрору
Хатынь, помнік ахвяраў нацысцкага тэрору

У гэты дзень нарадзіліся

1599 — Антоніс ван Дэйк, флямандзкі мастак.

1786 — Яхім Лялевэль, гісторык і грамадзкі дзеяч Рэчы Паспалітай.

1920 — Аляксей Пысін, беларускі літаратар.

Аляксей Пысін
Аляксей Пысін

1942 — Валеры Шчукін, праваабаронца, палітык, журналіст, дэпутат ВС Беларусі 13-га скліканьня.

Валер Шчукін
Валер Шчукін

У памяці

1832 — Ёган Вольфганг фон Гётэ, нямецкі пісьменьнік, мысьляр, прыродазнаўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG