Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША зацьвердзіў дырэктара ЦРУ. Ён ведае расейскую мову і быў паслом у Маскве


Уільям Бёрнс

Сэнат Кангрэсу ЗША зацьвердзіў Уільяма Бёрнса на пасадзе дырэктара Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня (ЦРУ). Кандыдатуру ўхвалілі аднагалосна. Неўзабаве Бёрнс прыме прысягу.

У пачатку сакавіка сэнатар-рэспубліканец ад Тэхасу Тэд Круз затрымаў зацьвярджэньне Бёрнса і запатрабаваў ад Адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна больш жорсткіх санкцый супраць будаўніцтва расейскага газаправоду «Паўночны паток – 2» у Нямеччыну. Пасьля таго, як Дзярждэпартамэнт прыгразіў кампаніям, задзейнічаным у праекце, санкцыямі, Круз пагадзіўся разблякаваць працэс.

Уільям Бёрнс — былы намесьнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Барака Абамы і амбасадар у Маскве. На дыпляматычнай службе ён правёў больш за 30 гадоў.

Дыпляматычную місію ў Расеі Бёрнс займаў у 2005–2008 гадах, пры адміністрацыі рэспубліканца Джорджа Буша. Да гэтага працаваў у амэрыканскай амбасадзе ў Маскве ў 1990-я гады.

Пасьля выхаду ў адстаўку ў 2015 годзе стаў прэзыдэнтам ўплывовай няўрадавай арганізацыі — Фонду Карнэгі за міжнародны мір.

Бёрнс, апроч іншага, лічыцца спэцыялістам па Расеі і Блізкім Усходзе, валодае расейскай мовай. У Расеі нядаўна выдадзеныя яго мэмуары «Нябачная сіла. Як працуе амэрыканская дыпляматыя». Некалькі яе разьдзелаў прысьвечаны Расеі і расейска-амэрыканскім адносінам.

Бёрнс таксама вядомы як аўтар шэрагу аналітычных запісак пра Расею. Асаблівую вядомасьць дзякуючы публікацыі WikiLeaks набыло датаванае 2006 годам так званае «чачэнскае дасье» з крытыкай кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG