Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы запусьцілі пэтыцыю за спыненьне катаваньняў у беларускіх ізалятарах


Сьляды зьбіцьця на вызваленых з ЦІП на Акрэсьціна у Менску, 14 жніўня 2020 году

Праваабарончы цэнтар «Вясна» піша, што людзі, якія выходзяць з ізалятараў, па-ранейшаму масава паведамляюць пра наўмыснае невыкананьне законаў адносна ўмоваў утрыманьня.

На сайце Petitions.by 18 сакавіка зьявіўся зварот да Міністэрства ўнутраных спраў аб спыненьні катаваньняў у ізалятарах часовага ўтрыманьня ў Менску, Жодзіне і іншых гарадах. Пэтыцыю падтрымаў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Зварот на момант публікацыі падпісалі 200 чалавек.

«Мы перакананыя, што парушэньне ўмоваў утрыманьня зьяўляецца жорсткім абыходжаньнем і спэцыфічным выглядам катаваньняў, бо прычыняе фізычныя і маральныя пакуты затрыманым, арыштаваным, іх блізкім і грамадзтву, — пішуць у звароце. — Мы лічым, што мэтай парушэньня ўмоваў утрыманьня з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў зьяўляецца менавіта прычыненьне фізычных і маральных пакутаў людзям».

Сярод парушэньняў называюць:

  • нетлумачэньне правоў і абавязкаў;
  • перапоўненасьць камэраў;
  • нявыдача матрацаў, коўдраў, бялізны, прадметаў гігіены;
  • адсутнасьць пітной вады ў дастатковай колькасьці і прымальнай якасьці;
  • непрымальная якасьць ежы;
  • антысанітарыя ў камэрах;
  • нізкая тэмпэратура, адсутнасьць ацяпленьня і вэнтыляцыі ў камэрах, адсутнасьць цёплай вады;
  • пазбаўленьне магчымасьці карыстацца душам;
  • адсутнасьць шпацыраў доўгі час або ўвесь час зьняволеньня;
  • адсутнасьць кантактаў са зьнешнім сьветам, у тым ліку карэспандэнцыі;
  • нявыдача пісьмовых прыладаў і паперы для напісаньня скаргаў;
  • перашкоды і працяглае прыпыненьне прыёму перадач зьняволеным;
  • і іншыя парушэньні, негуманнае стаўленьне і незаконныя дзеяньні.

У пэтыцыі патрабуюць зрабіць захады дзеля аднаўленьня правоў людзей, якія чакаюць суду ў няволі або адбываюць адміністрацыйны арышт, а таксама правесьці поўную і ўсебаковую праверку ізалятараў у Менску на Акрэсьціна і ў Жодзіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG