Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік гімназіі ў Смаргонях расказаў пра нацыянальны сьцяг. Яго звольнілі пасьля запісу, які зрабіў сын чыноўніцы


Ілюстрацыйнае фота

Сын чыноўніцы з райвыканкаму запісаў на відэа расказ настаўніка пра бел-чырвона-белы сьцяг.

Андрэй Пятроўскі ў свае 46 мае каля 20 гадоў пэдагагічнага стажу, ён выкладаў гісторыю і грамадазнаўства, працаваў у розных школах Смаргоняў і раёну, а апошнія тры гады быў у мясцовай гімназіі, піша «Наша Ніва».

Нядаўна ў 11-й клясе ён вёў заняткі па грамадазнаўстве на тэму «Сыстэма міжнародных адносін». Дзеці задавалі настаўніку пытаньні, як суадносіцца нэўтральны статус дзяржавы з удзелам у АДКБ, а таксама пра бел-чырвона-белы сьцяг.

«Многія ж ня ведаюць нават, што ў нас калісьці былі іншыя сымбалі. Дзеці пытаюцца, дык мне што, не адказваць? У мяне і пра крымінальную адказнасьць, і пра адміністрацыйную пытаюцца. Я не прыдумляю нічога, даю толькі правераную інфармацыю», — сказаў Пятроўскі.

Адказы Андрэя Пятроўскага запісаў на мабільны тэлефон адзін з вучняў, сын чыноўніцы з жыльлёвага аддзелу райвыканкаму, і выклаў запіс у «сямейным чаце». З таго моманту ў настаўніка пачаліся праблемы.

Па словах Андрэя Пятроўскага, некаторыя бацькі абаранялі яго, а іншыя патрабавалі звольніць. Некаторыя дзеці цяпер зьбіраюцца пісаць пэтыцыю, каб настаўніка аднавілі на працы. А пра вучня, які запісаў яго на відэа, настаўнік сказаў, што той не хацеў вучыцца на адзнаку, якую жадаў атрымаць.

Пятроўскі быў адзіным настаўнікам у школе, які не ўваходзіў у афіцыйны прафсаюз, не выпісваў дзяржаўныя газэты. Ён зрабіў кабінэт гісторыі, дзе былі такія постаці як Алег Трусаў, Зянон Пазьняк, прысутнічаў і нацыянальны сьцяг.

«Мінімум у дзьвюх вясковых школах няма гісторыкаў, але мяне туды ўжо ня возьмуць», — сказаў смаргонскі настаўнік. Працаўладкавацца ён плянуе зусім у іншай сфэры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG