Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы па-за палітыкай». Генпракурорка Ўкраіны расказала, ці будуць выдаваць беларускіх уцекачоў на радзіму


Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 17 сакавіка 2021
Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 17 сакавіка 2021

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што будзе дэталёва вывучаць усе матэрыялы праваахоўных органаў Беларусі аб вышуку і выдачы беларускіх грамадзян, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у выбарчай кампаніі і акцыях пратэсту.

«Украінская пракуратура ў палітыку не гуляе. Я год дэманструю, што мы па-за палітыкай. І калі мы па-за ўкраінскай палітыкай, то, вядома, і тут мы ў палітычныя гульні гуляць ня будзем. Будзем глядзець непасрэдна матэрыялы — як яны прыйдуць, калі яны прыйдуць, на які запыт, і будзем рухацца выключна па законе», — сказала Ірына Венядзіктава на брыфінгу ў Кіеве, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Генэральная пракурорка дадала, што грамадзяне Беларусі могуць бесьперашкодна прайсьці вызначаныя ўкраінскім законам працэдуры, каб легалізавацца на тэрыторыі Ўкраіны. «Я ўпэўненая, што ўсе беларусы пойдуць законным шляхам і пройдуць гэтыя працэдуры, каб законна заставацца ва Ўкраіне».

«Мы ня будзем рабіць ніякіх такіх рухаў, каб нас потым абвінавачвалі з пункту гледжаньня палітыкі. Ні ў якім разе», — падкрэсьліла Ірына Венядзіктава.

11 сакавіка стала вядома, што адзін з раённых судоў Кіева ў межах міжнароднай прававой дапамогі Беларусі даў допуск да дакумэнтацыі аднаго з мабільных апэратараў, каб вызначыць асобу, якая нібыта пагражала гвалтам начальніку Галоўнага ўпраўленьня Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Беларусі Дзьмітрыю Карзюку.

Сьледчы камітэт Беларусі завёў гэтую справу 12 лістапада 2020 году паводле артыкула 364 — гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Неабходнасьць доступу да тэлекамунікацыйных дакумэнтаў беларускі бок патлумачыў тым, што Дзьмітры Карзюк атрымаў праз Viber з украінскага нумару паведамленьне наступнага зьместу: «Чуеш, ты, гніда. Я цябе замачу. Павольна. Уцякай з краіны, здохні».

За ўвесь час пасьля пачатку пратэстаў у Беларусі ва Ўкраіну зьехалі некалькі тысяч беларускіх грамадзян, уцякаючы ад ціску і перасьледу. У той жа час да міграцыйных органаў па статус уцекача зьвярнуліся ня больш за 20 беларускіх грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG