Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя Беларусі адрэагавала на зьвесткі пра зьмяншэньне колькасьці мэдычных работнікаў


Акцыя пратэсту ў Менску, 17 жніўня 2020 году, ілюстрацыйнае фота
Акцыя пратэсту ў Менску, 17 жніўня 2020 году, ілюстрацыйнае фота

За год у Беларусі стала на 383 лекараў-спэцыялістаў менш.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала камэнтар наконт кадравай сытуацыі ў сувязі з распаўсюдам афіцыйнай статыстыкі аб чыстым адтоку мэдычных работнікаў — 754 чалавекі за студзень 2021 году.

Міністэрства пацьвердзіла праўдзівасьць гэтых лічбаў, але ўдакладніла, што ў гэтыя 754 уваходзяць ня толькі лекары, але і сёстры-гаспадыні, санітары, кіроўцы, кухары, дворнікі і іншыя, і ня толькі працаўнікі лякарняў, але і супрацоўнікі дамоў-інтэрнатаў, прытулкаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня, вэтэрынарных клінік і санаторна-курортных установаў.

Лекараў-спэцыялістаў у Беларусі па выніках 2020 году было 48 635. Гэта менш, чым у 2019 годзе, на 383. Паводле Мінздароўя, зьмяншэньне адбылося за кошт спэцыялістаў пэнсійнага ўзросту, і асноўная прычына іх звальненьня — «сытуацыя па інфэкцыі COVID-19».

Вакансіяў лекараў-спэцыялістаў на 10 сакавіка было 2835, агулам вакансіяў мэдыкаў з улікам вэтэрынараў — 4335.

Агулам у галіне аховы здароўя за 2020 год звольненых было больш, чым прынятых на працу, на 3391 чалавека, хоць за 2019 год прынятых было больш, чым звольненых, на 743 чалавекі, а ў 2018-м — прынятых больш, чым звольненых, на 1427 чалавек.

Пра звальненьні мэдыкаў праз палітычныя погляды або за ўдзел у пратэстах міністэрства ня згадвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG