Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30-я гадавіна рэфэрэндуму аб захаваньні СССР


Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

17 сакавіка 1922 году нарадзіўся Лявон Луцкевіч, грамадзка-палітычны і культурны дзеяч, вязень савецкіх канцлягераў, сын Антона Луцкевіча.

У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.
У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

У Вільні быў празрысты кастрычніцкі вечар. Мы спыніліся каля Вострае Брамы — там, адкуль раніцою і пачалося нашае падарожжа, падчас якога я даведаўся, дзе дакладна быў дом Скарынавага фундатара бурмістра Якуба Бабіча, дзе жандары арыштавалі Каліноўскага, дзе месьцілася друкарня Марціна Кухты, дзе жылі Купала і Янка Пазьняк.

Мой спадарожнік і праваднік, у сваіх заўсёдных зухаватым бэрэце і прыцемненых акулярах, працытаваў героя аўтабіяграфічнай аповесьці Максіма Гарэцкага «Мэлянхолія»: «Пішу да цябе зь Вільні, адкуль сьвяціла магутным сьвятлом наша старадаўняя культура...» Я выказаў думку, што мой суразмоўца павінен падтрымаць гэтае сьвятло кнігаю пра беларускую Вільню, бо, бадай, ніхто зь беларусаў ня ведае нашую духоўную Мэку лепей за яго. Тым больш, што ягонае веданьне натхнёнае такой любоўю да кожнай старадаўняй мураванкі.

Я быў усьцешаны, пачуўшы, што кніга ўжо ствараецца.

Майго правадніка звалі Лявон Луцкевіч. Сыну аднаго з бацькоў Беларускай Народнай Рэспублікі, Антона Луцкевіча, лёс ня мог падараваць лёгкага шляху. Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, падчас Другой усясьветнай вайны ён настаўнічаў, потым стаў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны. Пасьля працэсу над кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі судзьдзі вызначылі Лявону Луцкевічу пятнаццацігадовы тэрмін. На 25 гадоў калымскіх канцлягераў быў засуджаны родны брат Юрка, сябра той самай партыі.

Вярнуўшыся на волю, спадар Лявон зьвязаў жыцьцё з роднай Вільняй. Ягонай жонкаю была дачка пісьменьніцы Зоські Верас — Галіна, а домам на доўгі час стала знаёмая кожнаму беларускаму нацыяналісту «Лясная хатка».

Лявон Луцкевіч быў адным з тых, хто адраджаў беларускае культурнае жыцьцё ў Вільні пры канцы васьмідзясятых. Ён прычыніўся да стварэньня першай беларускай суполкі «Сябрына», а затым Таварыства беларускай культуры ў Літве. Дзядзька Лявон, у той час сябра Рады БНР, вёў беларускія перадачы на Літоўскім радыё і супрацоўнічаў з Радыё Свабода, на чыіх хвалях у аўтарскім выкананьні прагучалі ўсе тэксты з будучай кнігі, пра якую мы гаварылі каля Вострае Брамы.

На жаль, спадар Лявон ужо не патрымаў у руках свае «Вандроўкі па Вільні». Яны ўпершыню выйшлі ў 1998 годзе ў віленскім выдавецтве «Рунь» і застаюцца найлепшай беларускай кнігаю пра нашу колішнюю сталіцу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 444 — 445.

Таксама ў гэты дзень

1597 — Віцебск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі выява Хрыста, пад якой чырвоны меч.

Герб Віцебску
Герб Віцебску

1861 — у Турыне абвяшчаецца стварэньне Італьянскага каралеўства.

1948 — Бэльгія, Вялікая Брытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя падпісалі Брусэльскі пакт, ствараючы абарончы Заходнеэўрапейскі саюз, які паклаў пачатак NATO.

1983 — у Купалаўскім парку ў Менску ўпершыню было наладжана Гуканьне вясны. З гэтага часу сьвяткаваньне стала штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.

Гуканьне вясны, 1983
Гуканьне вясны, 1983

1991 — у СССР прайшоў рэфэрэндум па праекце новага саюзнага пагадненьня. У Беларусі за захаваньне Савецкага Саюзу былі аддадзеныя 82,7% галасоў (гэта самы вялікі адсотак пасьля Сярэдняй Азіі).

У гэты дзень нарадзіліся

461 — Патрык, каталіцкі сьвяты, заступнік Ірляндыі, дзень яго нараджэньня — дзяржаўнае сьвята ў Ірляндыі.

1746 — Ян Голанд, кампазытар. На запрашэньне князёў Радзівілаў Голанд прыбыў зь Нямеччыны ў Нясьвіж і стаў вядомым беларускім капэльмайстрам і кампазытарам.

1789 — Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар першага ў Беларусі літаратурна-навуковага часопіса «Полацкі штомесячнік», які пачаў выходзіць у 1818 годзе.

1808 — Сымон Канарскі , дзеяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году.

1891 — Мацьвей Манізер, заслужаны савецкі скульптар, аўтар помніка Леніну, які быў усталяваны ў Менску перад Домам ураду ў 1933 годзе і, пераадліты ў 1945-м, стаіць дагэтуль.

У памяці

1951 — Альбэрт Паўловіч, беларускі паэт і перакладчык. Пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1907 годзе. У яго доме ў Менску ў пачатку ХХ стагодзьдзя быў літаратурны салён, дзе зьбіраліся тагачасныя беларускія пісьменьнікі.

Альбэрт Паўловіч
Альбэрт Паўловіч

2005 — Джордж Фрост Кэнан, амэрыканскі дыплямат і гісторык, аўтар стратэгіі стрымліваньня СССР.

Джордж Фрост Кэнан
Джордж Фрост Кэнан

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG