Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Міхала Анемпадыстава


Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.

Дата дня

16 сакавіка 1964 году ў Менску нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

У маёй вальеры, як я называю кабінэт, тры сталы. Міхал — дызайнэр, мастак, паэт, мысьляр — прысутны на ўсіх трох.

На пісьмовым стале Міхалава паштоўка — фіялетавая ноч, сярод якой зьзяе залатымі яблыкамі, а можа, цьвіце зіхоткімі кулямі загадкавых плянэтаў казачнае блакітна-сіняе дрэва.

На стале, дзе растуць стосы кніг, вока адразу знаходзіць бел-чырвона-белы карэньчык «Колераў Беларусі». У зусім не бясспрэчнай (барані нас, Божа, ад бясспрэчных!) кнізе шмат закладак. Яны сьведчаць: мы зь Міхалам вандравалі — ня разам, а паасобку і ў розны час — па тых самых гасьцінцах, дарогах і сьцежках нашага беларускага сьвету, нашага нацыянальнага космасу, адным з захавальнікаў і творцаў якога ён быў.

Наваградзкае замчышча і віленскі касьцёл Сьвятых Пятра і Паўла. Вадзяны млын у Гальшанах і зялёны мячэт у беларуска-татарскай вёсцы Крушыняны на Падляшшы. Царква Сьвятога Арханёла Міхала ў Бельску і смаленскае сяло Талашкіна, дзе працавалі Ігар Стравінскі, Міхаіл Урубель і Мікалай Рэрых. Анемпадыстаў параўнаў спалучэньні сіняга, блакітнага і зялёнага ў Талашкіне і Бельску. Я згодны: атрымалася сапраўды астральна.

Адна з самых дарагіх для мяне фотаілюстрацый — беларускі туман, што дае Міхалу падставы паразважаць пра шэрую гаму, «поле найбольшых разыходжаньняў паміж мовай вэрбальнай і візуальнай, бо вока бачыць усе калярыстычныя нюансы, але мова не заўсёды ў стане іх апісаць». У мяне туман свой — той, дзе я згубіўся пад інсургенцкімі Мілавідамі і ледзьве ня выйшаў у чэрвень 1863-га.

На трэцім, кампутарным століку, таксама Міхал Анемпадыстаў — на фота. Слухаем разам з экрану ягоныя «Простыя словы» з папулярнага ўжо трэцяе дзесяцігодзьдзе «Народнага альбому». Белая саколка падкрэсьлівае амаль іканапісны твар неймаверна свабоднага чалавека.

Ёсьць чым сагрэцца, ёсьць дзе схавацца ў доме бацькоўскім, у матчынай хаце...

Досыць працягнуць руку, і з кніжнай паліцы я здыму Міхалаву кніжку вершаў «На дне філіжанкі кавы». Павінна зьявіцца і кніга ўспамінаў пра яго «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Шэсьцьдзясят тры аўтары.

Пісьменьнік Павал Касьцюкевіч сказаў, што Міхал сканструяваў новую ДНК нашай культуры. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі назваў Анемпадыстава «іконаю стылю». Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ўдзячнае яму як генэратару ідэяў у грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Не знаёмыя мне суседзі па століку ў кавярні захоплена згадвалі, што Міхал бараніў ад разбурэньня адметны менскі раён Асмалоўку.

Неяк мы гаварылі зь ім пра час як адно з увасабленьняў Айчыны. Я думаю, час для Міхала не спыніўся, проста зрабіўся іншым. Цяпер ён у створаным ім сьвеце, сярод сваіх герояў, сваіх вобразаў і колераў. І гэты ягоны час, і гэты ягоны сьвет — працяг Айчыны.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 714-715

Таксама ў гэты дзень

1597 — Віцебск атрымаў Магдэбурскае права.

1707 — праз аб’яднаньне каралеўстваў Англіі і Шатляндыі была створаная Вялікая Брытанія.

2014 — прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.

Выдача бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Крыме
Выдача бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Крыме

У гэты дзень нарадзіліся

1757 — Ёсіп Казлоўскі, беларускі кампазытар, які быў таксама настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар палянэзу «Гром победы раздавайся» (на словы Гаўрыіла Дзяржавіна), які быў доўгі час гімнам Расейскай імпэрыі.

1890 — Саламон Міхоэлс, тэатральны актор і рэжысэр, забіты ў Менску ў 1948 годзе на загад савецкіх спэцслужбаў.

Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс
Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс

1927 — Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальнакультурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Марыя Лукашук
Марыя Лукашук

1946 — Мікалай Кірычэнка, актор, які таксама ўзначальваў Нацыянальны Купалаўскі тэатар.

Мікалай Кірычэнка
Мікалай Кірычэнка

У памяці

2000 — Павел Пруднікаў, беларускі пісьменьнік, які зьведаў савецкія рэпрэсіі 30-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».

Павал Пруднікаў выступае на мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988
Павал Пруднікаў выступае на мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988

2016 — Сяргей Ханжанкоў, удзельнік антысавецкага Супраціву 1960–1970-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст., палітвязень.

Сяргей Ханжанкоў
Сяргей Ханжанкоў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG