Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ўручылі прэміі «Грэмі». Сярод пераможцаў дыджэй з Казахстану


Кампазіцыя «I Can't Breathe» сьпявачкі H.E.R, прысьвечаная памяці забітага паліцыянтамі афраамэрыканца Джорджа Флойда, стала пераможцам прэміі «Грэмі» ў намінацыі «Найлепшая песьня году».

«I Can't Breathe» (Я задыхаюся) — апошнія словы 46-гадовага Джорджа Флойда, які загінуў 25 мая 2020 году ў Мінэапалісе пры затрыманьні. Паліцыянт Дэрэк Шовін некалькі хвілін ціснуў каленам на яго шыю. Флойд прасіў не рабіць гэтага і паўтараў, што ня можа дыхаць. Ён памёр празь некалькі гадзін пасьля затрыманьня. Пасьля гібелі Флойда па гарадах ЗША пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць расізму і паліцэйскага гвалту. У іх удзельнічалі мільёны людзей.

Амэрыканская сьпявачка Біёнсэ выйшла на першае месца сярод жанчын у колькасьці ўзнагарод прэміі «Грэмі», на яе рахунку 28 статуэтак. У гэтым годзе Біёнсэ перамагла ў намінацыях «Найлепшае музычнае відэа» за кліп на песьню «Brown Skin Girl», «Найлепшая песьня ў жанры R & B» за кампазыцыю «Black Parade». Таксама яна атрымала ўзнагароду ў катэгорыі «Найлепшая рэп-песьня» за дуэт з Megan Thee Stallion «Savage».

Амэрыканская поп-зорка Білі Айліш атрымала «Грэмі» у катэгорыі «Найлепшы запіс» за песьню «Everything I Wanted», а таксама за загалоўную песьню да апошняга фільма пра Джэймса Бонда.

Прэміяй «Грэмі» за найлепшы рэмікс году ўганаравалі дыджэя з Казахстану Іманбека Зяйкенава, вядомага пад псэўданімам Imanbek. Узнагарода дасталася яму за рэмікс кампазіцыі «Roses» рэпэра Карляса Сэнт-Джона. Imanbek — першы казахстанец, намінаваны на гэтую прэмію. Ён працуе на чыгунцы, але ў вольны час займаецца музыкай. У асноўным піша рэміксы.

Іманбек Зяйкенаў
Іманбек Зяйкенаў

З прычыны пандэміі 63-я цырымонія ўручэньня музычнай прэміі «Грэмі», заснаванай Акадэміяй гуказапісу ЗША, праходзіла без гледачоў. Сёлета прэмія ўручалася ў 84 намінацыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG