Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сэнс песьні «Я навучу цябе»? Лідэр гурту «Галасы ЗМеста» даў інтэрвію, але ўхіліўся ад адказаў амаль на ўсе пытаньні


Выступ гурту «Галасы ЗМеста» ў Купалаўскім тэатры

Песьня беларускага гурту «Галасы ЗМеста» для «Эўравізіі» выклікала вострую дыскусію. «Я научу тебя плясать под дудочку. Я научу тебя ходить по струночке. Ты будешь всем доволен, рад всему. Тебе же лучше будет самому», — такі яе рэфрэн.

Многія пачулі ў песьні палітычны падтэкст, у прыватнасьці крытыку пратэставага руху ў Беларусі.

11 сакавіка «Эўравізія» зьвярнуліся да Белтэлерадыёкампаніі (БТРК) з просьбай зьмяніць або замяніць песню, паколькі ў цяперашнім выглядзе яна «ставіць пад сумнеў непалітычны характар конкурсу». Кампазыцыю ўжо выдалілі з YouTube-каналу «Эўравізіі», дзе яна сабрала 6 тысяч лайкаў і каля 40 тысяч дызлайкаў.

У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» лідэр «Галасоў ЗМеста» Дзьмітрый Бутакоў сказаў, што песьня не палітычная. Ірына Рамалійская паспрабавала высьветліць, які сэнс ён укладваў у кампазыцыю.

— Арганізатары конкурсу заяўляюць, што ваша песьня ставіць пад сумнеў апалітычны характар конкурсу. Падобна на тое, намякаюць, што трэба памяняць тэкст песьні. Гатовыя?

— Гэта ж ня мне паведамілі, гэта Эўрапейскі вяшчальны зьвяз і нашы тыя, хто нас адпраўляе, адпаведна, арганізацыя «Белтэлерадыёкампанія». Гэта яны вось так маюць зносіны паміж сабой. Я б усе гэтыя пытаньні пераадрасоўваў туды.

— Раскажыце, пра што тэкст гэтай песьні? Таму што трактовак шмат.

— Зноў жа, давайце мы дачакаемся ўсё ж такі нейкага канчатковага рашэньня, каб нам было ад чаго скакаць, тады я з задавальненьнем раскажу, які асабіста я закладваў сэнс у гэты тэкст. Ну што я ўвогуле не казаў пра палітыку ў ім — гэта, па-мойму, відавочна для любога чалавека, які чытаць умее ці хоць бы дае сабе рады задумацца над словамі.

— Але не відавочна. Чаму вы я хочаце расшыфраваць тэкст сваёй жа песьні?

— Таму што яшчэ ня прынята канчатковае рашэньне. Навошта? Гэта размовы на пустым месцы пакуль яшчэ.

— Добра. У вас пры гэтым ёсьць іншая песьня, «Евромечта»: «Чемодан, вокзал и заграница… Здравствуй, европейская мечта. Хочется коленями склониться и свободу лобызать в уста». Гэта такая іронія над каштоўнасьцямі Эўрапейскага зьвязу?

— А іранізаваць нельга над ім ці як?

— Не, я ні ў якім разе не кажу, што нельга. Я хачу вас пачуць і зразумець, які сэнс вы ўкладваеце ў гэтую песьню.

— Натуральна, гэта іронія, ды і ўсё.

— А чаго вы не хочаце гаварыць? Я проста не магу зразумець, вы асьцерагаецеся сказаць нешта лішняе?

— Не, яшчэ раз, я з вамі з задавальненьнем пабалбачу, але я зноў жа кажу, я проста не камэнтую «Эўравізію» і мне не хацелася б цяпер у дадзены момант.

— «Хочется и равенства, и братства, и повсюду волю изъявлять, в трепетном порыве толерантства на сыночка платье надевать». Ці правільна я разумею, што гэта іронія над свабодай ЛГБТ-супольнасьцяў?

— Давайце яшчэ раз, глядзіце, пункт першы. Я клятвенна абяцаю на гэтую тэму пагаварыць таксама, усё раскажу. Пакуль усе пытаньні на гэтую тэму і каля гэтай тэмы — да Белтэлерадыёкампаніі.

— Ну гэта ж не Беларуская тэлерадыёкампанія вешала дулю на сьцяг Эўразьвязу ў вашых кліпах, таму я менавіта вам гэта адрасую. Навошта вам наогул [удзельнічаць] у эўрапейскім конкурсе? Мне сапраўды хочацца зразумець ход думкі.

— І зноў жа я вам кажу, я з задавальненьнем вам пра гэта распавяду, толькі ледзь-ледзь пазьней, праз пару дзён.

— Пра палітыку. Уласна, вы ўзьніклі ў беларускай культуры…

— Пра палітыку я гаварыць ня буду цяпер. Пра палітыку магу сказаць толькі: што мы людзі ўвогуле апалітычныя зусім.

— А я вось хачу зразумець ваша стаўленьне да тых пратэстаў, да паводзін сілавікоў, да зьбіцьця мірных пратэстоўцаў, да таго, што адбывалася потым у ізалятарах, да таго, што ўлады рабілі са СМІ.

— Добра. Вось глядзіце: усё, што перавышае разумныя нейкія межы, усе мы не вітаем як з боку пратэстаў, так і з боку сілавікоў. Калі гэта нешта было, калі гэта ўсё даказана, калі гэта ўсё дакладна, усім правільна і зразумела, трэба з гэтым разьбірацца. А пакуль няма — балбатаць бессэнсоўна.

— Але песьні вы ня пішаце сатырычныя з нагоды паводзін, напрыклад, АМАПу ці Аляксандра Лукашэнкі. Ён наогул скарбніца такая для сатыры.

— Ёсьць. Калі ўважліва ў нас на канале паглядзіце песьні — ёсьць і пра ўладу, і пра чыноўнікаў ёсьць песьні, і пра астатняе ўсё.

— А пра Аляксандра Лукашэнку?

— Ёсьць.

— Сатырычная? Скіньце, я з задавальненьнем паслухаю. А што вы там высьмейваеце?

— Што значыць скіньце? Вы ж працуеце, вось вы будзьце ласкавая, паглядзіце, паслухайце. Там 40 штук гэтых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG