Пра намер канчаткова разабрацца з усімі спрэчнымі ўчасткамі мяжы дзьвюх дзяржаў заявіў прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёёў пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Кіргізстану Садырам Жапаравым, паведаміла «Радио Озоди».
Неўзабаве, па словах Мірзіёёва, пачнуцца «практычныя крокі» па найхутчэйшым завяршэньні прававога афармленьня ўзбэкска-кіргіскай дзяржаўнай мяжы. Гэта дазволіць таксама забясьпечыць паўнавартасную працу памежных пунктаў пропуску.
З 1378 кілямэтраў мяжы паміж Кіргізстанам і Ўзбэкістанам 85% (1170 км) вызначылі да 2017 году, яшчэ 10% узгаднілі пазьней, аднак іх яшчэ не ратыфікавалі ўрады і парлямэнты. Бягучыя перамовы канчаткова вырашаць тэрытарыяльную прыналежнасьць няўзгодненых участкаў.
На тэрыторыі Кіргізстану разьмешчаны чатыры эксклявы Ўзбэкістану: Сох, Чангара-Калча, Шахімардон, Таштэпа, а на тэрыторыі Ўзбэкістану — экскляў Кіргізстану Барак.
У лютым кіраўнік Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану Камчыбек Ташыеў заявіў пра дамоўленасьць абедзьвюх дзяржаў абмяняцца зямельнымі ўчасткамі ў некаторых раёнах паблізу мяжы.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com