Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская мытня спыніла чарговую партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі на 2,48 мільёна даляраў


Ілюстрацыйнае фота. Польскія мытнікі ў Кузьніцы пры грузавіку з рэкорднай кантрабандай цыгарэт зь Беларусі, люты 2021 году
Ілюстрацыйнае фота. Польскія мытнікі ў Кузьніцы пры грузавіку з рэкорднай кантрабандай цыгарэт зь Беларусі, люты 2021 году

Супрацоўнікі Падляскага аддзелу Нацыянальнага падатковага ўпраўленьня Польшчы (KAS) прадухілілі кантрабанду 650 тысяч пачак беларускіх цыгарэт, паведамляецца на сайце KAS.

Нелегальны груз выявілі на памежным пункце пропуску «Кузьніца». У грузавіку, у якім, паводле дакумэнтаў, павінны былі перавозіць партыю цьвікоў, супрацоўнікі KAS знайшлі кантрабандныя цыгарэты коштам больш за 9,5 млн злотых (каля 2,48 млн даляраў). У паведамленьні ведамства адзначаецца, што калі б цыгарэты выйшлі на нелегальны рынак, страты б склалі 15 млн злотых (каля 3,92 млн даляраў).

Грузавіком кіраваў 45-гадовы грамадзянін Беларусі, супраць яго пачалі расьсьледаваньне. За такую вялікую колькасьць кантрабанды яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

22 лютага польскія памежнікі на тым жа памежным пераходзе спынілі найбуйнейшую ў гісторыі спробу кантрабанды цыгарэт зь Беларусі — больш як 1,8 мільёна пачкаў.

Толькі за апошні месяц кантрабандныя цыгарэты двойчы выяўляла і літоўская мытня: 25 лютага на памежным пункце Райгардас выявілі 100 тысяч пачак кантрабандных беларускіх цыгарэт на 355 тысяч эўра, 7 сакавіка літоўская мытня спыніла спробу ўвозу цыгарэт зь Беларусі на суму больш як мільён эўра. Паводле дадзеных мытнага дэпартамэнту Літвы, 93% цыгарэт (гэта 388 млн штук), увезеных у 2020 годзе кантрабандным шляхам на яе тэрыторыю, паступілі зь Беларусі.

У сьнежні 2021 году Эўрапол паведаміў, што раскрыў маштабную схему нелегальнага гандлю цыгарэтамі: яны траплялі на чорны рынак Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі кантрабандай — у выніку краіны гублялі мільёны эўра падаткаў. 88% з 67 мільёнаў канфіскаваных цыгарэт было выраблена ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG