Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе лічаць галаслоўнымі абвінавачаньні каналу Пуцілы, што беларускія ўлады прысабечылі сродкі ЭЗ


Сьцяпан Пуціла — аўтар каналу Nexta і фільму «Залатое дно», архіўнае фота
Сьцяпан Пуціла — аўтар каналу Nexta і фільму «Залатое дно», архіўнае фота

У Эўразьвязе цьвердзяць, што абвінавачаньні ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў ЭЗ уладамі Беларусі, якія прагучалі ў фільме каналу Nexta «Залатое дно», няслушныя.

У Брусэлі пракамэнтавалі DW абвінавачваньні тэлеграм-каналу Nexta у тым, што сродкі эўрапейскай дапамогі выкарыстоўваюцца ў Беларусі не па прызначэньні. У ЭЗ назвалі гэтыя заявы беспадстаўнымі.

Афіцыйны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях палітыкі суседзтва і пашырэньня Ана Пісанэра назвала здагадкі пра тое, што дапамога ЭЗ пайшла на будаўніцтва будынкаў або жылых дамоў, якія выкарыстоўваюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, «цалкам неабгрунтаванымі і беспадстаўнымі».

Паводле яе, двухбаковая фінансавая дапамога ЭЗ скіраваная на тое, каб прынесьці канкрэтную карысьць беларускаму народу. Рэалізацыя бязвыплатнай дапамогі ЭЗ у Беларусі знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам Эўразьвязу і накіроўваецца праз арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, міжнародныя арганізацыі, такія як Сусьветны банк, а таксама кампаніі прыватнага сэктару для заключэньня кантрактаў на аказаньне тэхнічнай дапамогі. «Яна не ўключае перадачу фінансавых сродкаў дзяржаве», — сьцьвярджае прадстаўніца ЭЗ.

Ана Пісанэра падкрэсьліла, што для ўсёй бязвыплатнай дапамогі з боку ЭЗ існуе значная колькасьць працэдур унутранага і вонкавага кантролю, уключаючы праверкі і аўдыт, для таго каб забясьпечыць правільнае выкарыстаньне сродкаў у адпаведнасьці з мэтамі праекту і пры поўным выкананьні фінансавых правілаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG