Ціханоўская паабяцала, што будзе дамагацца вызваленьня Натальлі Хершэ і ўсіх палітвязьняў. «Семʼі не павінны быць падзеленыя», — сказала яна. Тэлеграм-канал Ціханоўскай зазначае, што «гэта была ня проста сустрэча палітыка зь сямʼёй пацярпелага ад рэпрэсіяў — як і Робэрт, Сьвятлана ўжо шмат месяцаў ня бачыла свайго каханага чалавека».
У верасьні грамадзянку Беларусі і Швайцарыі Натальлю Хершэ затрымалі ў Менску пасьля жаночага маршу. Яе засудзілі на 2,5 гады турмы за тое, што сарвала балаклаву зь сілавіка.
У студзені Натальля абвясьціла галадоўку, калі ёй перасталі аддаваць пошту, пасьля чаго лісты вярнулі. У лютым Натальлю накіравалі ў гомельскую калёнію № 4, але ейным сваякам, як таго патрабуе закон, цягам трох дзён пра тое не паведамілі, і яна зноў перастала атрымліваць лісты. Праз гэта 22 лютага яна ў другі раз абвясьціла галадоўку. Ці спыніла палітзьняволеная галадоўку, невядома.