Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню БАЖ дапыталі ў Сьледчым камітэце ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе

Апячатаны офіс БАЖ у Менску.
Апячатаны офіс БАЖ у Менску.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец выйшаў пасьля допыту ў Сьледчым камітэце. Яго запрашалі ў якасьці сьведкі.

Як паведаміў Андрэй Бастунец агенцтву БелаПАН, яго дапыталі ў якасьці сьведкі ў рамках справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Зь яго ўзялі падпіску аб невыдаваньні.

На мінулым тыдні журналісцкая арганізацыя зьвярнулася ў ведамства з просьбай разблякаваць доступ у офіс, а таксама вярнуць пячатку і статутныя дакумэнты.

10 сакавіка старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і прапанавалі прыйсьці, каб узяць удзел у аглядзе зьмесьціва сэйфа, забранага падчас ператрусу.

«У сэйфе звычайна захоўваюцца статутныя дакумэнты, пячатка асацыяцыі і працоўныя кніжкі супрацоўнікаў. Нічога з гэтага пакуль што не аддалі», — гаворыцца ў паведамленьні БАЖ па выніках агляду.

16 лютага па пастанове Сьледчага камітэту ператрусы прайшлі ў офісе зарэгістраванай арганізацыі, а таксама ў некаторых супрацоўнікаў. Ад таго часу памяшканьне апячатанае, а рахунак арыштаваны.

Беларуская асацыяцыя журналістаў — міжнародна прызнаная арганізацыя, сябра Міжнароднай і Эўрапейскай фэдэрацый журналістаў.

XS
SM
MD
LG