Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што за арганізацыя Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), куды прыйшлі сілавікі


Прэс-канфэрэнцыя БАЖ з нагоды затрыманьня журналістаў. Менск, 20 сакавіка 2017 году. Зьлева направа: Барыс Гарэцкі, Андрэй Бастунец, Вольга Чайчыц, Кацярына Андрэева (Бахвалава), Сьвятлана Калінкіна

З раніцы 16 лютага міліцыя прыйшла, каб правесьці ператрусы, у офіс БАЖ, на кватэры ягоных кіраўнікоў, да журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй краіне.

Што адбываецца

З раніцы 16 лютага ператрусы пачаліся ў журналістаў і сяброў БАЖ:

  • Алега Агеева (Менск, намесьнік старшыні БАЖ)
  • Андрэя Бастунца (Менск, старшыня БАЖ, ператрус у офісе)
  • Алеся Буракова- малодшага (Магілёў)
  • Алеся Буракова- старэйшага (Магілёў)
  • Аляксандра Райкона (Магілёў)
  • Барыса Гарэцкага (Менск, намесьнік старшыні БАЖ)
  • Анатоля Гатоўчыца (Гомель)
  • Крысьціны Рыхтэр (юрыстка, забралі тэлефон, дакумэнты, датычныя БАЖ, ператрус праводзілі ў крымінальнай справе за парушэньне грамадзкага парадку (арт. 342 КК)
  • Ларысы Шчыраковай (Гомель)

З гэтай нагоды ў Сьледчым камітэце заявілі, што «ператрусы зьвязныя з крымінальнай справай аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

«Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У межах папярэдняга расьсьледаваньня з мэтай высьвятленьня абставінаў фінансаваньня пратэставай дзейнасьці сьледзтвам ініцыявана правядзеньне ператрусаў у арганізацыях, якія пазыцыянуюць сябе як праваабарончыя», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Чым займаецца БАЖ

Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з 1995 году, гэта недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў, садзейнічае разьвіцьцю журналістыкі. З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістыкі. У 2006 годзе БАЖ прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю ў Беларусі.

Сярод іншага БАЖ займаецца прафэсійным навучаньнем журналістаў, арганізоўвае трэнінгі і майстар-клясы, займаецца маніторынгам прафэсійнай журналістыкі ў Беларусі, а таксама абаронай правоў журналістаў. Арганізацыя адсочвае парушэньні і перашкоды ў працы журналістаў, дапамагае юрыдычна, ладзіць прафэсійныя конкурсы для журналістаў.

Пры БАЖ працуе камісія этыкі, якая разглядае магчымыя парушэньні кодэксу прафэсійнай этыкі.

  • У 2003 годзе Сусьветная асацыяцыя газэт узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды».
  • У 2004 годзе Эўрапейскі парлямэнт уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».
  • У чэрвені 2011 году Атлянтычная Рада Злучаных Штатаў Амэрыкі ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свабоды Атлянтычнай Рады».
  • У лістападзе 2020 году Вялікая Брытанія й Канада ўганаравалі БАЖ першай Прэміяй за свабоду СМІ.

Да 25 красавіка 2015 году БАЖ узначальвала Жанна Літвіна, з 25 красавіка — Андрэй Бастунец.

Ціск на БАЖ

У 2012 годзе ў эфіры «Беларусь-1» зьявіўся сюжэт, дзе БАЖ абвінавачвалі ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў. У сюжэце паказалі відэа, на якім прысутнічала тагачасная старшыня БАЖ Жанна Літвіна. Нібыта «экспэрт і псыхатэрапэўт» Андрэй Мяцельскі ў стужцы аналізаваў паводзіны старшыні БАЖ па хадзе. У прыватнасьці, экспэрт заяўляў, «што сваім выразам твару і жэстамі Літвіна дэманструе «агіду, пагарду, злосьць» і імкненьне «схаваць праўду».

У 2011 годзе пасьля масавых рэпрэсіяў супраць журналістаў (за кратамі ў крымінальных справах апынуліся некалькі сяброў БАЖ: Сяргей Вазьняк, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп) на допыты ў КДБ выклікалі старшыню БАЖ Жанну Літвіну, а таксама тагачаснага намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца і намесьніцу Аліну Суравец. Іх дапытвалі ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году, калі адбыліся прэзыдэнцкія выбары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG