Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўнікі сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску адказалі на словы старшыні КДБ пра нібыта падрыхтаваныя «правакацыі»


Сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Менск, 25 сакавіка 2018 году.
Сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Менск, 25 сакавіка 2018 году.

Кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» расказаў пра пляны апазыцыі на Дзень Волі.

Па словах Тэртэля, распрацавана некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў, у іх таксама ўключаныя людзі, якія раней пакінулі Беларусь. «Крайнімі» нібыта вырашылі зрабіць кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, а таксама каардынатараў дваровых чатаў.

Як адзначае «Наша ніва», згаданыя апазыцыянэры, якія напярэдадні падалі заяўку ў Менгарвыканкам, не агучвалі ў сваіх камэнтарах пляны маршруту. Затое гэта зрабіў сам Тэртэль.

Па яго словах, першы сцэнар — гэта збор людзей на плошчы Якуба Коласа і шэсьце да Опэрнага тэатру. Другі — збор на Бангалоры з рухам да цэнтру. Трэці, у выпадку афіцыйнай адмовы, — «несанкцыянаваны выхад людзей на вуліцы».

І Рыгор Кастусёў, і Юрась Губарэвіч раней заявілі, што абнародаваньне маршруту можа даць падставу Менскаму гарвынкаму адмовіць у сьвяткаваньні Дня Волі. Таму яны гэтага не рабілі.

«Бачу, што КДБ пільна цікавіцца любым крокам апазыцыі. Заяўку ў Менгарвыканкам мы падалі 9 сакавіка каля 16-й, а ўжо вечарам Тэртэль агучваў „пляны“. Зрэшты, зусім не дзіўлюся. Памятаем былых кіраўнікоў ведамства, якія расказвалі, што апазыцыя хоча атруціць ваду ў Менску дохлымі пацукамі — гэта заява вельмі падобная. Мы імкнёмся не парушаць дзейнага заканадаўства, заяўку падалі цалкам у яго межах. Калі хто і парушае, то з другога боку: нічога не адказвае міліцыя, парушаючы закон аб зваротах», — сказаў Рыгор Кастусёў.

«Рашэньне падаць заяўку і распрацоўка маршруту прымаліся выключна заяўнікамі, без усялякага ўмяшаньня звонку. Мы кіраваліся найперш пытаньнем зручнасьці для людзей. Калі КДБ мае інфармацыю, што вонкавыя сілы рыхтуюць правакацыю, то мы б хацелі мець такія зьвесткі, бо самі ніякіх правакацый не рыхтуем», — дадаў кіраўнік раху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

10 сакавіка ў прыёмную Івана Тэртэля затэлефанаваў старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў — хацеў сустрэцца з кіраўніком КДБ, каб абмеркаваць магчымыя правакацыі, якія могуць рыхтавацца. Аднак той адмовіўся ад прапановы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG