Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне суд прыгаварыў да пажыцьцёвых тэрмінаў пяць абвінавачаных у забойстве расейскага амбасадара

Пасьля забойства расейскага пасла
Пасьля забойства расейскага пасла

Андрэя Карлава застрэлілі ў сьнежні 2016 году падчас адкрыцьця фотавыставы ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Анкары.

Трое чалавек за забойства расейскага амбасадара ў Турэччыне атрымалі па два пажыцьцёвыя тэрміны, двое іншых — па адным, піша Anadolu.

Па дадзеных ВВС, абвінавачанымі ў справе праходзілі 28 чалавек. Шэсьць атрымалі ад 5 да 9 гадоў пазбаўленьня волі, яшчэ шэсьць чалавек апраўдалі, некалькіх чалавек асудзілі завочна — яны знаходзяцца па-за межамі краіны.

«РИА Новости» са спасылкай на свайго карэспандэнта паведаміла, што дзевяць чалавек атрымалі ад 5 да 15 гадоў турмы, апраўдалі пяцярых. Дзевяць абвінавачаных знаходзяцца ў вышуку.

Інцыдэнт адбыўся вечарам 19 сьнежня 2016 году. Непасрэдна ў расейскага дыплямата Андрэя Карлава страляў 22-гадовы турэцкі паліцыянт Мэўлют Мэрт Алтынташ. Спачатку забойства патлумачылі незадаволенасьцю палітыкай Расеі ў Сырыі: забойца зрабіў некалькі стрэлаў у сьпіну пасла з крыкамі «Алах Акбар» і «Памятайце пра Алепа». Мэўлюта пасьля нападу застрэліў спэцназ паліцыі.

Суд пачаўся яшчэ ў студзені 2019 году. Абвінавачаных зьвязвалі з прапаведнікам Фэтхулахам Гюленам, які жыве ў ЗША. Яго арганізацыю ў Турэччыне называюць тэрарыстычнай. Нібыта менавіта арганізацыя Гюлена загадала Алтынташу забіць амбасадара, каб ускладніць адносіны Расеі і Турэччыны. Гюлен усе абвінавачаньні адмаўляў.

Удава дыплямата Марына Карлава сказала, што яе муж атрымліваў пагрозы сама меней за чатыры месяцы да нападу, але яму не далі дадатковай аховы. Яна ня лічыць, што сьледзтва знайшло сапраўдных арганізатараў злачынства, і ўпэўнена, што справу ніколі не раскрыюць.

XS
SM
MD
LG