Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень, калі прынялі Другую Устаўную грамату БНР


Народны Сакратарыят БНР, 1918
Народны Сакратарыят БНР, 1918

Дата дня

9 сакавіка 1953 году ў бэльгійскім Лювэне памёр Мікола Равенскі, кампазытар, аўтар музыкі да гімну «Магутны Божа», дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й Бэльгіі.

«Таму, для каго Беларусь ня проста геаграфічны назоў, а Радзіма, ня трэба тлумачыць, што такое гімн „Магутны Божа“. Верш-малітву Натальлі Арсеньневай паклаў на музыку Мікола Равенскі.

Зьявіўшыся ў 1919-м у Менску, ён паверыў у ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі і пачаў шукаць сваё месца ў нацыянальным Адраджэньні.

Калі б можна было перанесьціся ў тыя гады, я, нягледзячы на свае больш чым сьціплыя вакальныя дадзеныя, хацеў бы запісацца ў ягоны хор пры Беларускім рабочым клюбе. Равенскі зьбірае народныя песьні на Случчыне, піша музыку да твораў беларускіх паэтаў — у прыватнасьці, да хрэстаматыйных вершаў „Люблю наш край“ Канстанцыі Буйло і „О Беларусь, мая шыпшына“ Ўладзімера Дубоўкі.

Пасьля Маскоўскае кансэрваторыі ён зноў прыяжджае ў Менск — у той час, апынуцца ў якім мне ўжо не хацелася б. Арыштаваныя дзясяткі сяброў і знаёмых, сярод якіх брат Антон.

У 1938-м шанаванага калегамі й студэнтамі выкладчыка Беларускай кансэрваторыі Равенскага выключаюць з Саюзу кампазытараў.

Краязнаўцы гораду Чэрвеню з сымпатыяй згадваюць яго як рэгента мясцовага царкоўнага хору за часамі вайны. Ніхто не асуджае й ягонага ад’езду на Захад, бо чэрвенцы ведаюць, як пасьля прыходу савецкіх войскаў нейкі партызан без суда і сьледзтва застрэліў пасярод вуліцы ціхага бяскрыўднага чалавека — усяго за тое, што ён быў царкоўным старастам.

У Заходняй Нямеччыне Равенскі выкладаў сьпевы ў беларускіх гімназіях у Рэгенсбургу й Остэргофэне, быў рэгентам хору ў праваслаўнай парафіі Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.

Колішні рэгенсбурскі гімназіст, а цяпер дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў НьюЁрку Вітаўт Кіпель зь вялікай цеплынёю апавядаў мне пра заняткі спадара Міколы зь беларускімі скаўтамі, для якіх ён напісаў „Гімн ваўчанятаў“ і „Скаўцкую малітву“.

Зноў сустрэўся з Равенскім Кіпель ужо ў бэльгійскім Лювэне.

Кампазытар пагадзіўся кіраваць там беларускім студэнцкім хорам, што потым даваў канцэрты ў многіх краінах Эўропы й атрымаў прэмію на міжнародным фэстывалі ў Брусэлі. Вялікі посьпех мелі запісаныя харыстамі кружэлкі, якія рэпрэзэнтавалі ў вольным сьвеце беларускую музыку.

На надмагільлі Равенскага ў Лювэне — ноты ягонага самага вядомага твору.

У Менску дагэтуль няма ні вуліцы яго імя, ні мэмарыяльнай дошкі на будынку Акадэміі музыкі. Але „Магутны Божа“ будзе гучаць на нашай зямлі, пакуль будзе на сьвеце Беларусь».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне

Таксама ў гэты дзень

1918 — Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду прымае Другую Ўстаўную грамату.

1966 — Францыя выйшла з вайсковай арганізацыі NATO.

У гэты дзень нарадзіліся

1454 — Амэрыга Вэспучы, італьянскі падарожнік, у гонар якога быў названы кантынэнт Амэрыка.

1814 — Тарас Шаўчэнка, клясык украінскай літаратуры.

Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску
Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску

1883 — Францішак Аляхновіч, беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, які трапіў пад хвалю рэпрэсій адным зь першых, 1 студзеня 1927 году. Пра сваё знаходжаньне ў савецкіх канцлягерах напісаў успаміны «Ў капцюрох ГПУ». Саветы абмянялі яго на вязьня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча.

1934 — Юрый Гагарын, першы касманаўт.

1962 — Гэнік Лойка, скульптар, адзін з ініцыятараў стварэньня моладзевага адраджэнскага руху «Беларуская Майстроўня».

Гэнік Лойка
Гэнік Лойка

У памяці

1971 — памёр Іван Ахрэмчык, беларускі мастак і пэдагог, імем якога была названая мастацкая вучэльня ў Менску.

Іван Ахрэмчык. Магіла на Ўсходніх могілках у Менску
Іван Ахрэмчык. Магіла на Ўсходніх могілках у Менску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG